Skip to main content

30-ю гадавіну вяртання святыні адзначылі ў Раготне

ragotna bp 262 кастрычніка ў парафіі Святых Анёлаў Ахоўнікаў ў Раготне (Дзятлаўскі дэканат) адзначалася адпустовая ўрачыстасць Анёлаў Ахоўнікаў, а таксама 30-я гадавіна з часу вяртання вернікам парафіяльнай святыні.

Па запрашэнні пробашча кс. Віктара Захарэўскага ўрачыстасць узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які роўна 30 гадоў таму, 2 кастрычніка 1989 г., цэлебраваў у мясцовым касцёле першую святую Імшу.

Падчас гадзіннай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту маліліся з нагоды ружанцовага месяца праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі на ружанцы, а таксама навэнну да святых анёлаў.

На пачатку Імшы парафіяне з хлебам, соллю і кветкамі прывіталі свайго першага пробашча, сёння біскупа Пінскага.

У гаміліі іерарх нагадаў, хто такія анёлы, адкуль яны паходзяць і якую важную ролю спаўняюць у нашым жыцці. “Мы маем, кожны з нас, свайго анёла ахоўніка, які нам служыць удзень і ўначы, дапамагае нам, але прымусіць нас, каб мы не рабілі зла, не мае магчымасці. Ён тады толькі перажывае за нас”, - сказаў біскуп, дадаўшы, што таму вельмі важна прыслухоўвацца да голасу анёла, які прамаўляе праз нашае сумленне.

Таксама іерарх узгадаў, як, прыбыўшы ў 1984 г. у Навагрудак, сустракаў часта людзей, якія прыязджалі да маладога святара, каб замовіць Імшы за памерлых. Калі больш-менш была магчымасць выязджаць у іншыя месцы, за межы Навагрудка, каб паспавядаць людзей у вёсках і памаліцца на могілках, то жыхары Раготны і ваколіц вельмі чакалі святара.

ragotna bp 25

На пачатку 1989 года кс. Антоні Дзям’янка прапанаваў жыхарам Раготны забраць касцёл, у якім каля 50 гадоў змяшчаўся калгасны амбар. Вернікі за паўгода прывялі святыню ў парадак, і менавіта ва ўспамін Святых Анёлаў адбылася першая Імша, на якой усе людзі плакалі з радасці.

Біскуп успомніў, як людзі стараліся адрамантаваць знішчаную святыню, а таксама заахвоціў маладое пакаленне шанаваць свой касцёл.

Як прыклад ён прывёў сітуацыі на Піншчыне, дзе ў некаторых месцах толькі год або два, як улады аддалі вернікам касцёльныя будынкі, адзначыў таксама, дзе ў вялікіх гарадах вельмі патрэбныя святыні, і прасіў маліцца ў гэтых інтэнцыях.

На заканчэнне літургіі пасля працэсіі і спеву гімну Te Deum laudamus парафіяне падзякавалі свайму першаму пробашчу за супольную малітву, а таксама сённяшняму пробашчу кс. Віктару за цудоўна адноўленую святыню.

JM

Фота: Юрый Аблажэй