Skip to main content

У Гудагаі прайшлі дні малітвы для дзяўчат

gudagaj rekol 7З 27 па 29 верасня ў Гудагаі ў чарговы раз прайшлі дні малітвы для дзяўчат пад назвай “Каштоўнасць малітвы ў цішыні”.

У кляштар сясцёр кармэлітак прыбылі сем удзельніц, каб у цішыні слова і свайго сэрца спаткацца з жывым Богам у малітве.

Праграма мела багаты духоўны змест. Удзельніцы маглі паслухаць канферэнцыю, якую для іх падрыхтаваў і прамовіў кс. Юрый Ясевіч. Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту была магчымасць паяднацца з Богам праз шчырую споведзь, пабыць сам-насам з Богам і сказаць Яму ўсё, што ёсць на сэрцы.

З нагоды набліжэння літургічнага ўспаміну св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса было праведзена набажэнства ў гонар гэтай святой. Кожная з удзельніц мела магчымасць духоўна спаткацца з ёю і як бы атрымаць абяцаны ,,дождж з ружаў" з неба. Таксама кожная з удзельніц атрымала жывую ружу, у якой была схавана думка-цытата ад святой Тэрэзы. Як пазней падзяліліся некаторыя, словы гэтай святой кранулі іх да слёз.

Разважаючы ў малітвах над тэмай сустрэчы, удзельніцы заўважылі, што менавіта гэтая святая вучыць простай малітве. “Для мяне малітва – гэта ўзнясенне сэрца, просты позірк, скіраваны да Неба, вокліч удзячнасці і любові як у цярпенні, так і ў радасці”, - кажа Тэрэза.

Напрыканцы сустрэчы ўдзельніцы падкрэслілі, як важна і неабходна сённяшняму чалавеку вырвацца з мегаполісу і прыехаць у нешматлюдную вёсачку з прыгожымі краявідамі, дзе нават мабільны тэлефон слаба працуе і інтэрнэту няма, каб спыніцца, падумаць, парадавацца свайму жыццю, спаткацца з Богам.

gudagaj rekol 1

Усе ласкі, якія кожная атрымала, застаюцца ў сэрцы, каб з часам прынесці добры плён, дазволіць задумацца, паразважаць.

Як зазначылі ўдзельніцы, пасля гэтых дзён малітвы адчуваецца радасць, якой хочацца дзяліцца з іншымі.

С. Магдаліна Кулай CSCII