Skip to main content

На станцыі Ашмяны благаслаўлена першая ў Беларусі святыня ў гонар Міхала Сапоцькі

sapocka 3228 верасня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч благаславіў капліцу на станцыі Ашмяны, што знаходзіцца на тэрыторыі парафіі Апекі Маці Божай у Дайлідках (Астравецкі дэканат). Капліца, дзе раней змяшчалася калгасная сталоўка, стала першай у Беларусі святыняй у гонар благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі.

Урачыстасць адбылася ў літургічны ўспамін благаслаўлёнага.

Ён невыпадкова быў абраны апекуном гэтай невялікай супольнасці вернікаў. Міхал Сапоцька нарадзіўся 1 лістапада 1888 г. у Юшэўшчыне, якую называлі Навасадамі, у Ашмянскім павеце (цяпер Валожынскі раён), быў ахрышчаны 19 лістапада 1888 г. у парафіяльным касцёле ў Забрэззі.

Таксама біскуп Кашкевіч благаславіў місійны крыж як памяць аб святых місіях, якія былі непасрэднай падрыхтоўкай да гэтай падзеі і якія праводзіў кс. канонік Аляксей Раманчук, пробашч парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве.

sapocka 23

Урачыстасць сабрала шмат шаноўных гасцей з Беларусі, а таксама з Польшчы, Расіі, Украіны, Літвы, якія прыбылі, каб разам са шматлікімі вернікамі станцыі Ашмяны ўдзельнічаць у гэтай гістарычнай падзеі. Прысутнічалі і тыя, хто стаяў ля вытокаў росквіту рэлігійнага жыцця на гэтых тэрыторыях. Адным з першых святароў, які распачаў тут душпастырскую дзейнасць, быў кс. Юзаф Занеўскі SDB, які таксама ўдзельнічаў ва ўрачыстасці.

Прысутнічаў таксама кс. канонік Ян Пузына, пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Ашмянах, які і прапанаваў, каб Міхал Сапоцька стаў апекуном гэтай капліцы, і з’яўляецца ахвярадаўцам вітража з выявай Езуса Міласэрнага над цэнтральным алтаром.

Біскуп Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх дабрадзеяў і ахвярадаўцаў капліцы, якіх сапраўды было вельмі шмат і якія духоўна і матэрыяльна падтрымалі будаўніцтва і абсталяванне святыні. Ён маліўся таксама за тых, якія ўтвараюць мясцовую супольнасць, на чале з іх душпастырам кс. Алегам Шпенем.

sapocka 35

У гаміліі іерарх засяродзіў увагу на Божай Міласэрнасці, у развіццё культу якой на нашых землях і ва ўсім свеце зрабіў унёсак бл. ксёндз Міхал. Благаслаўлёны быў спаведніком i духоўным кіраўніком св. сястры Фаўстыны Кавальскай, спрыяў развіццю культу абраза Езуса Міласэрнага. „Гэтая сустрэча і духоўнае кіраўніцтва ксяндза Сапоцькі былі незвычайна важныя не толькі для самой сястры Фаўстыны, але і ў цэлым для развіцця культу Божай Міласэрнасці”, – адзначыў біскуп.

Ён падкрэсліў, што найбольшай заслугай ксяндза Сапоцькі было тое, што, калі ён атрымаў упэўненасць у праўдзівасці аб’яўленняў, то пачаў вывучаць іх тэалагічна і прыклаў старанні, каб распаўюджваць і развіваць набажэнства да Божай Міласэрнасці: друкаваў абразкі з малітвай да Езуса Міласэрнага, публікаваў артыкулы на тэму аб’яўленняў, клапаціўся аб устанаўленні свята Міласэрнасці і заснаваў законную супольнасць Сясцёр Божай Міласэрнасці.

„За сваю любоў да Езуса, руплівасць у служэнні, цярплівасць у знясенні цяжкасцяў ксёндз Міхал Сапоцька атрымаў цудоўную ўзнагароду – цешыцца хвалой збаўленых і з неба апякуецца намі”, – дадаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

Ён заклікаў прысутных быць вернымі Богу і свайму пакліканню. „Няхай не перамогуць нас цярпенні і цяжкасці, няхай не пахіснецца наш давер Богу, багатаму на міласэрнасць. Дазволім, каб Езус Міласэрны кіраваў нашым жыццём, дадзім агарнуць нас Яго промнямі і будзем вучыцца перадаваць міласэрнасць іншым: словам і ўчынкам”, – заахвоціў біскуп.

sapocka 64

На заканчэнне да прысутных звярнуўся пробашч парафіі кс. Алег Шпень, які адзначыў, што перажыванню гэтай урачыстасці яны ўдзячныя многім людзям з нашай краіны і з-за мяжы, якія сваімі ахвяраваннямі, малітвамі і часта цярпеннем падтрымалі будаўніцтва капліцы. Дзякуючы іх вялікай ахвярнасці і вялікаму сэрцу ўдалося занядбаную калгасную сталоўку ператварыць у прыгожы будынак – Божы дом, дзе пасяліўся Хрыстус сярод вернікаў станцыі Ашмяны.

Электрычныя куранты, змешчаныя ў новай капліцы, будуць пастаянна нагадваць вернікам, што Хрыстус сярод іх, і заахвочваць скіраваць позірк на крыж на вежы святыні, а таксама пабожна і актыўна ўдзельнічаць у Імшы і рэлігійным жыцці парафіі.

Урачыстасць завяршылася канцэртам гурта „Ave” Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і моладзевага гурта са Смаргоні ў мясцовай школе, дзе таксама ўсіх прысутных чакаў пачастунак, прыгатаваны мясцовымі вернікамі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Томаш Мікалайчык