22 верасня пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) быў адкрыты інтэграцыйны пакой для дзяцей і моладзі. Яго адкрыццё стала магчымым дзякуючы дабрачыннаму каталіцкаму таварыству “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі ў межах праекту “Арганізацыя інтэграцыйных пакояў у парафіях” сумесна з “Карытас” Польшчы і праграмай польскага супрацоўніцтва “Польская дапамога”, узгодненай з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча.
На пачатку адбылася святая Імша ў парафіяльнай святыні ў інтэнцыі ўсіх ахвярадаўцаў і дабрадзеяў праекту. Пробашч парафіі кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч прадставіў прысутных гасцей: старшыню Краснасельскага выканаўчага камітэта Людмілу Дзямешчык, інспектара Роскага сельскага выканаўчага камітэта Таццяну Кочатаву, Катажыну Халевінскую з Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне, кс. д-да Рамана Рачко – дырэктара гродзенскага “Карытас”. Менавіта ганаровыя госці мелі права перарэзаць чырвоную стужку. Адбыўся таксама абрад асвячэння гэтай новай залы для наймалодшых парафіян.
У адрас спонсараў прагучалі словы ўдзячнасці ад імя бацькоў. “Мы хочам падзякаваць за вашу неабыякавасць да патрэб людзей, за шчодрасць вашых сэрцаў і асабліва за гэты прыгожы пакой, які атрымліваем”, – адзначылі яны і паабяцалі, што не будзе недахопу ў цікавых задумах, імпрэзах, што кожны знойдзе тут занятак паводле сваіх інтарэсаў і ніхто не застанецца ўбаку.
Гэты пакой – не проста чыстае, светлае, параднае памяшканне; ён павінен стаць цэнтрам для зносінаў дзяцей, дарослых, сем’яў, дзе кожны зможа знайсці суразмоўцу, атрымаць дапамогу ў выкананні хатніх заданняў, адкрыць свае творчыя здольнасці ці проста атрымаць асалоду ад прыемнай гутаркі за кубкам гарбаты.
Пераступіўшы парог гэтага пакоя, можна ўбачыць, якімі ён напоўнены яркімі фарбамі, што знайшлі сваё адлюстраванне ў кожным прадмеце мэблі. Здаецца, пакой аддае цеплыню сэрцаў не толькі тых людзей, якія вырабілі гэтую мэблю, але і тых, хто знайшоў сродкі, каб набыць усё і падарыць тым, хто ў гэтым мае патрэбу.
Таксама дзяцей чакала забаўляльная праграма і салодкі стол. Міністранты і вучні 1-4 класаў атрымалі ў падарунак заплечнікі.
Жанна Вераціла