Skip to main content

Рэха Дыяцэзіяльнага фестывалю рэлігійнай песні: няхай гэтая добрая традыцыя застанецца!

fest pesni 4821-22 верасня пры гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) адбыўся Дыяцэзіяльны фестываль рэлігійнай песні. У межах яго выступілі салісты, дуэты і вакальна-інструментальныя ансамблі.

Пра тое, чым для іх з’яўляецца ўдзел у гэтай музычнай імпрэзе і якія ўражанні ў іх засталіся, распавялі ўдзельнікі фестывалю.

 

Эвеліна Лукашэвіч:

lukaszewicz

Так ужо ёсць, што перад выступленнем заўсёды адчуваеш вялікі стрэс. У такія хвіліны я кажу ў думках: “Пане Езу, забяры гэты страх і няхай гэта будзе на Тваю хвалу”.

І кожны раз пераконваюся ў моцы Божай ласкі. Тады адыходзіць стрэс, а ў сэрцы пасяляюцца радасць і спакой. Спяваю для Пана, як магу, з усяго свайго сэрца і з усіх сіл.

Гэты фестываль для мяне асабіста, але, думаю, і для ўсіх яго ўдзельнікаў з’яўляецца духоўным развіццём. Пераканана, што на ім я набралася духоўных сіл і энергіі на чарговыя дні, тыдні, месяцы... Няхай гэтая добрая традыцыя застанецца! Te Deum Laudamus няхай з вялікай моцай гучыць у нашай дыяцэзіі і збірае ўсё новых удзельнікаў!

 

Рэната Станкевіч:

stankiewicz

У фестывалі рэлігійнай песні я ўдзельнічаю другі раз. Мне падабаецца, што ён аб’ядноўвае дзяцей і моладзь, якія любяць Бога і музыку. Я пазнаёмілася і набыла новых сяброў.

Назіраючы за выступленнямі іншых, шукаю памылкі ў сябе і расту прафесійна. Таму ў мінулым годзе я заняла 2-е месца, а ў гэтым 1-е.

 

Аня Алізар:

Alizar

Спяваю ўжо даўно, з восьмага года жыцця, і не ўяўляю жыцця без музыкі. Удзельнічаю ў гэтым фестывалі другі раз!

Вельмі цешуся, што магу ўдзельнічаць у ім і падзяліцца сваім талентам, які даў мне Пан. Сапраўды люблю ўсхваляць Бога песняй, гэта штосьці незвычайнае!

У сёлетнім фестывалі ўдзельнічала шмат таленавітых людзей, у большасці дзеці. Журы было цяжка ацэньваць, бо ўсе спявалі вельмі добра. Але найважнейшае не месца і падарунак, а тое, што для Бога ты заўсёды на першым месцы! Так, для Бога мы заўсёды найважнейшыя!

 

Музычны гурт “Cordis”:

Cordis

Гэты фестываль – унікальная магчымасць паказаць свой талент праз любоў да Бога. Мы вельмі рады, што маглі ўдзельнічаць у конкурсе, праслаўляючы Яго. Ад усёй групы “Cordis” хочам падзякаваць усім за арганізацыю гэтага фестывалю Няхай будзе падзяка Богу за ўсіх тых людзей, якія прычыніліся да яго арганізацыі! Дзякуем за ўсе ўзнагароды і падарункі!

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Павел Дзянісаў