21 верасня ў Слоніме адбыўся XV юбілейны турнір па міні-футболе «Памяці св. Яна Паўла ІІ». У гэтым годзе спартыўнае мерапрыемства сабрала 16 каманд з усёй Беларусі.
Парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў чарговы раз прымала ўдзельнікаў турніру, якія ў 9 гадзін сабраліся на святой Імшы. Цэлебраваў Эўхарыстыю дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Галоўныя думкі з гаміліі іерарха абапіраліся на выказванні Папы па тэме футболу. Біскуп заклікаў усіх удзельнікаў быць адной сям’ёй не толькі на малітве, але і на футбольным полі: не супернік і праціўнік, а перш за ўсё брат у Хрысце.
Пасля набажэнства ўдзельнікі мелі магчымасць паглядзець фільм «Хроніка турніру па футболе 2018 года».
Пазней каманды адправіліся на футбольнае поле, дзе перад пачаткам спартыўных баталій да іх звярнуліся са словам прывітання біскуп Юзаф Станеўскі і генеральны спонсар турніру Баляслаў Івашка. Сярод ганаровых гасцей прысутнічаў і каардынаваў працу суддзяў прадстаўнік Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу» (АБФФ) Георгій Вярбіцкі.
Каманды былі падзелены на чатыры групы. Правёўшы па тры матчы ў сваіх групах, удзельнікі выявілі пераможцаў. Пасля смачнага абеду каманды разыгралі выніковыя месцы з 1-га па 16-е. Усе матчы праходзілі ў бескампраміснай барацьбе, неаднойчы даводзілася прабіваць пасляматчавыя пенальці для выяўлення пераможцы.
У матчы за 3-е месца каманда Слоніма (св. Андрэя) і Воранава ў асноўны час матчу згулялі 3-3. Па пенальці з лікам 2-1 перамагла каманда Слоніма, заняўшы 3-е месца. Фінальная гульня стала вянцом усяго турніру. Каманда Докшыц з лікам 1-0 перамагла каманду Сапоцкіна.
Пасля ўсіх гульняў адбылася цырымонія ўзнагароджання, на якой акрамя кубкаў і медалёў, а таксама абвяшчэння асноўных намінацый, былі ўручаны прызы лепшым гульцам у кожнай з каманд. Усе ўдзельнікі атрымалі каштоўныя падарункі ад генеральнага спонсара.
Турнір завяршыла святочная вячэра, да якой арганізатары прыгатавалі 15-кілаграмовы торт.
Удзельнікі выказваюць асаблівую ўдзячнасць:
Баляславу Івашку з ТАА «Виботорг» (генеральны спонсар турніру)
загадчыку філіяла «Слонімскае УМГ ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» Уладзіміру Белякову
Пастаральнаму цэнтру Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
трэнерскаму штабу футбольнага клубу «Слонім»
усім валанцёрам.
Выніковыя месцы:
Докшыцы (Найсвяцейшай Тройцы)
Сапоцкін (Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча)
Слонім (св. Андрэя)
Воранава (святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша)
Гродна-Вішнявец (Божай Міласэрнасці)
Грандзічы-Путрышкі
Гродна-Аўгустовак (Маці Божай Вастрабрамскай)
Гродна-Дзевятоўка (Найсвяцейшага Адкупіцеля)
Слонім (Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі)
Паставы (св. Антонія Падуанскага)
Брэст (Найсвяцейшай Панны Марыі Багародзіцы)
Маладзечна (св. Юзафа)
Баранавічы (св. Зыгмунта)
Смаргонь (св. Яна Паўла ІІ)
Мінск-Савіо (св. Яна Хрысціцеля)
Варапаева (св. Міхала Арханёла)
Асноўныя намінацыі турніру:
Лепшы гулец турніру – Андрэй Астроўскі (Слонім, св. Андрэя).
Лепшы бамбардзір турніру – Аляксей Чарнадараў (Слонім, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі).
Лепшы брамнік турніру – Мікіта Канашыц (Докшыцы, Найсвяцейшай Тройцы).
Прыз глядацкіх сімпатый – каманда Смаргоні (парафія Св. Яна Паўла ІІ).
Арганізатар турніру кс. Артур Малафей