22 верасня ў Гродне завяршыўся Дыяцэзіяльны фестываль рэлігійнай песні. Музычная імпрэза праходзіла пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка).
На заканчэнне мерапрыемства прыбылі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк, а таксама шматлікія госці.
На сцэне выступілі пераможцы фестывалю, якіх усе прысутныя ўзнагародзілі гучнымі апладысментамі. Затым арганізатары ўручылі ўсім удзельнікам каштоўныя ўзнагароды. У вачах пераможцаў была вялікая радасць, калі калі яны атрымлівалі ноўтбук, планшэт, музычны інструмент.
Пасля ўсе сабраліся на святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі. Падчас Эўхарыстыі дзеці і моладзь, якія ўдзельнічалі ў фестывалі, дзякавалі Богу за гэты час, які правялі ў супольным спеве, і за таленты, якім Ён іх адарыў.
Удзельнікі фестывалю і вернікі гродзенскай парафіі напярэдадні юбілею 70-годдзя біскупа Аляксандра выказалі яму сардэчныя віншаванні.
Біскуп падзякаваў усім, хто паспрыяў арганізацыі гэтай вялікай і вельмі патрэбнай справы ў Гродзенскай дыяцэзіі. Ён падзякаваў спонсарам, гаспадарам фестывалю айцам рэдэмптарыстам, выказаў удзячнасць Віялеце Кавальчук, якая шмат працы і сіл уклала ў падрыхтоўку музычнай імпрэзы.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне выказаў надзею, што гэтая прыгожая справа будзе развівацца і стане цудоўнай традыцыяй, якая кожны год будзе збіраць таленавітую будучыню Касцёла.
Ён падзякаваў таксама за віншаванні з нагоды свайго юбілею і папрасіў аб дары малітоўнага спадарожнічання і падтрымкі яго ў кіраванні дыяцэзіяй.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Дзянісаў