21-22 верасня пры гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) адбыўся Дыяцэзіяльны фестываль рэлігійнай песні. На сцэне выступілі салісты, дуэты і вакальна-інструментальныя ансамблі.
У так званай тэатральнай зале сабраліся шматлікія вернікі, якія прыйшлі паслухаць спеў маладых людзей з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі.
Сярод гасцей былі прадстаўнікі Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне, а таксама госці з Польшчы, якія матэрыяльным чынам падтрымалі гэты праект.
Урачыста адкрыў фестываль дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Звяртаючыся да ўдзельнікаў і арганізатараў, ён адзначыў, што гэта добрая ініцыятыва Касцёла, мэта якой – навучыць маладое пакаленне павазе да святых рэчаў. Ужо на пачатку фестывалю іерарх выказаў пажаданне, каб “гэты спеў маладых сэрцаў узрушыў увесь свет”.
Выступленні ўдзельнікаў былі, як заўсёды, на высокім узроўні. Нягледзячы на хваляванне, было відаць, што кожны належным чынам падрыхтаваўся да гэтай падзеі, выбраў для выканання на сцэне пэўны твор і вопратку. Таму не дзіўна, што журы, старшынёй якога быў а. Анджэй Ядкоўскі CSsR, было цяжка вылучыць найлепшых выканаўцаў.
Як адзначыў старшыня журы, вакальныя і музычныя ўменні, спосаб і экспрэсіўнасць выканання, мастацкая прэзентацыя кожнага з выступоўцаў былі прычынай таго, што складана было здзейсніць падсумаванне вынікаў конкурсу.
Першы дзень фестывалю завяршыўся канцэртам гурта „Ave” Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Дзянісаў