23 верасня юбілей 70-годдзя адзначае біскуп Гродзенскi Аляксандр Кашкевіч. Іерарх, які стаў у 1991 г. першым біскупам новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі, нарадзіўся ў 1949 г. у в. Падгайдзе, што належыць да парафіі Эйшышкі на Віленшчыне, у шматдзетнай сям’і земляробаў.
Як узгадваў біскуп Аляксандр у адным з інтэрв’ю, ён рос у атмасферы, прасякнутай жывой верай, малітвай, замілаванасцю да рэлігійных традыцый, якія вельмі старанна і шчыра захоўвалі ў яго родным доме:
“Колькі сябе памятаю, бацькі – а асаблівым чынам мама – вельмі клапаціліся аб маім рэлігійным выхаванні. У родным доме штодзённа разам прамаўлялі малітвы. Рабілі гэта па-асабліваму, паколькі пасля малітваў паўтаралі таксама 10 Божых запаведзяў, 5 касцёльных наказаў, 2 запаведзі любові і галоўныя праўды веры. Таму ўжо ў маленстве я не толькі навучыўся маліцца, але і пазнаёміўся з асноўным зместам Катэхізіса”.
Біскуп успамінаў, што дома часта і з ахвотай спявалі. Кожны дзень пачынаўся прыгожай песняй “Калі ранак наступае”. У нядзелю спявалі Гадзінкі. У маі па вечарах дома гучала Ларэтанская літанія. Безумоўна, хадзілі разам у нядзелю ў касцёл, прымалі ўдзел у набажэнствах, адпустах, працэсіях.
"Часта вяртаюся думкамі ў дзяцінства і дзякую Пану Богу, што даў мне вялікую ласку будавання свайго хрысціянскага і святарскага жыцця на моцным фундаменце веры і традыцыі, якія былі закладзены ў родным доме. Гэта сапраўдны скарб. Я вельмі ўдзячны бацькам за тое, што яны змаглі стварыць дома такі просты, традыцыйны клімат народнай пабожнасці”, – дадае іерарх.
Сёння, калі з дня яго нараджэння прайшло 70 гадоў, жадаем выказаць удзячнасць найперш Пану Богу за дар асобы – за біскупа, які ўжо больш за 28 гадоў вядзе наш Касцёл, ідучы наперадзе яго як добры, клапатлівы пастыр.
Дзякуем таксама спачылым бацькам нашага біскупа за стварэнне першай “семінарыі”, якой стаў для яго родны дом; за ўсе хрысціянскія каштоўнасці, веру, любоў да Бога і людзей, за вялікую чуласць, якую перадалі яму.
Эксцэленцыя, у гэтым месцы жадаем падзякаваць Вам! За тое, што Вы з намі, за тое, што палюбілі нас! За тое, што любіце наш Касцёл! За тое, што сваім айцоўскім сэрцам абдымаеце нас усіх!
У гэты прыгожы дзень Вашага юбілею ўся Гродзенская дыяцэзія – ад дзіцяці да старога чалавека – яднаецца з Вамі ў радасным Te Deum Laudamus за тое дабро і ласкі, якімі атачае Вас Пан!
Яднаючыся ў гэты асаблівы дзень з Вамі ў малітве, хочам яшчэ раз засведчыць нашу любоў, нашу ўдзячнасць, нашу павагу. Прыміце гэтую даніну нашых сэрцаў.
Ахвяруем нашу малітву. Ахвяруем таксама гэты духоўны вянец, створаны з нашых адкрытых сэрцаў. Уплятаем у гэты вянец кветкі, сабраныя з захаваных назаўсёды ў Вашай памяці “пагоркаў лясных, лугоў зялёных, шырока расцягнутых над блакітным Нёманам”.
Доўгіх гадоў жыцця ў здароўі і згодзе духу!