Сёлетнія ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы, якія адбыліся 15 верасня, завяршыліся прэзентацыяй парафіяльных груп i канцэртам гурта Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN”, на якім прадставілі новую вакалістку і выканалі песні з новага альбому.
Традыцыйна ў трэцюю нядзелю верасня сюды пілігрымавалі дзеці і моладзь, настаўнікi і выхавацелi, выкладчыкi і катэхеты, каб на парозе новага навучальнага і катэхетычнага года аддацца ў мацярынскую апеку Найсвяцейшай Панны Марыі. Таксама быў час на інтэграцыйныя танцы і забавы.
Была магчымасць прадставіць свае парафіі, распавесці, чым яны жывуць, і паказаць свае таленты. Дзякуючы такім невялікім выступленням можна было пазнаёміцца з дадзенай парафіяльнай супольнасцю і з тымі, хто яе ўтварае.
Для многіх дзяцей і моладзі стала ўжо традыцыяй распачынаць новы навучальны і катэхетычны год малітвай у Капцёўцы. Для ўдзельнікаў музычнага гурта таксама, бо на працягу 5 гадоў гурт “OPEN” выступае ў Капцёўцы з канцэртам для пілігрымаў.
“Прыемна бачыць, што, нягледзячы на ўмовы надвор'я, кожны год прыходзіць столькі маладых людзей і дзяцей у гэтай пілігрымцы, проста каб аддаць новы навучальны год у рукі нашай Мамы Марыі. Нас не можа не радаваць тое, што пілігрымы заўсёды адкрытыя на малітву праслаўлення, танцы, спеў”, - прызнаецца салістка гурта Сабіна Дзякун. Па яе словах, малітва ўсіх аб’ядноўвае, і асабліва ў такія моманты можна ўбачыць дзеянне Бога, які прысутны ў сэрцах маладых людзей. “Гэта прыносіць нам неверагоднае шчасце. Мы шчаслівыя быць сведкамі Божай любові да нас”, - кажа дзяўчына.
Елізавета Басалыга ўпершыню выступіла на гэтым канцэрце. Яна ўдзячная Богу і “OPEN” за такую магчымасць. “Такія мерапрыемствы зараджаюць на будучы навучальны год як духоўна, так і эмацыйна. Бясконца шчаслівая, што магу дапамагчы людзям дакрануцца да Езуса праз праслаўленне, і вельмі спадзяюся, што ў наступным годзе будзе яшчэ больш моладзі”, – кажа Елізавета.
Кожны канцэрт пакідае ў чалавеку штосьці пазітыўнае. Пад уплывам музыкі чалавек адкрываецца на Бога і свайго бліжняга. “Усе канцэрты дораць веру і надзею, і ніводны не падобны да папярэдняга. І сённяшні не стаў выключэннем, а для мяне стаў асаблівым, бо ён зрабіўся пунктам адпраўлення ў новы шлях з групай “OPEN”. Я ўдзячная Богу, што магу стаць членам гэтай цудоўнай сям’і”, – адзначае Анастасія Пуляк, якая толькі далучылася да гэтай каманды.
Ягор Чатырка, гітарыст гурта, заўсёды захапляцца тым, што на іх канцэртах шмат слухачоў, якія разам праводзяць час. “Калі бачыш, як маладыя людзі, нягледзячы на вар’яцкі вецер і дастаткова нізкую тэмпературу, прагнуць праслаўляць Бога песняй і танцам, становіцца неверагодна радасна, бо ты бачыш, што ты не адзін такі”, – кажа Ягор. Ён спадзяецца, што такія пачуцці і эмоцыі адчуваў кожны, хто быў у Капцёўцы, – пачуццё яднання і ўмацавання ў веры.
Бог надзяліў кожнага з нас вялікім талентам, гэта капітал Божых ласкаў: каб рэалізаваць сябе, сваё жыццё і пакліканне. Бог раздзяляе свае дары любові, дапамогі, умеласці таксама і праз прыгожы спеў і танцы. Можна было заўважыць у Капцёўцы, якім вялікім скарбам напоўнены сэрцы маладога пакалення Касцёла на Гродзеншчыне.
Варта пажадаць усім у гэтым новым навучальным i катэхетычным годзе быць цярплівымі, стараннымі, спадзявацца на Божую любоў і ніколі не губляць упэўненасці, што ва ўсіх радасцях і цяжкасцях побач стаіць любячая Маці, якая падасць руку і агорне плашчом сваёй апекі.
Андрэй Юхнік, кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Леановіч