14 верасня пачаліся заняткі ў Тэалагічным каледжы св. Казіміра ў Гродне. На першы год навучання, якое адбываецца па дзвюх спецыялізацыях: катэхетыка (для жадаючых працаваць катэхетам) i агульная тэалогія (без права выкладання катэхізіса) было прынята 17 чалавек з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі.
Перад тым, як пачуць першы званок, які нагадвае пра пачатак новага навучальнага года, навучэнцы сустрэліся з дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім. Іерарх сардэчна прывітаў усіх, асабліва тых, хто паступіў на першы год.
Біскуп пажадаў, каб вучоба ў каледжы стала сапраўдным адкрыццём іх сэрцаў на Хрыста. Ён прасіў навучэнцаў дзяліцца набытымі ведамі і перадаваць іншым, а таксама нагадаў, што абавязак абвяшчэння Евангелля ляжыць на ўсіх хрысціянах, якія праз прыняцце хросту былі абавязаны да гэтага.
Урачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года ў каледжы адбудзецца ў кастрычніку. Усе навучэнцы першага года атрымаюць заліковыя кніжкі.
Галоўнай задачай Тэалагічнага каледжа ў Гродне з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі, a таксама пашырэнне ўласных гарызонтаў і рэлігійных ведаў.
У каледжы можна атрымаць веды ў галіне тэалогіі, філасофіі, катэхізацыі, біблістыкі, літургіі, гісторыі, касцёльнага права, дабрачыннасці, сямейнага жыцця, рэлігійных сродкаў масавай камунікацыі і іншых дысцыплін згодна з нормамі і вучэннем Каталіцкага Касцёла.
Kс. Юрый Марціновіч