12 верасня, у літургічны ўспамін Найсвяцейшага Імя Марыі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе. Падчас Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў парафіі.
Да гэтай падзеі парафіяне рыхтаваліся праз удзел у 40-гадзінным набажэнстве, якое тут ужо традыцыйна праходзіць ад свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (8 верасня) да ўспаміну Найсвяцейшага Імя Марыі (12 верасня).
У літургіі ўдзельнічалі святары з гэтага дэканату і іншых месцаў. Прысутнічалі шматлікія парафіяне, якія прыйшлі, каб разам маліцца аб дарах Духа Святога для прымаючых сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
Усіх прысутных прывітаў пробашч кс. прэлат Віцэнт Лісоўскі. Ён адзначыў, што гэты дзень важны для ўсёй парафіяльнай супольнасці, якая з надзеяй глядзіць на маладое пакаленне, ад якога ў вялікай меры залежыць будучыня Касцёла і свету.
У гаміліі біскуп Станеўскі заахвоціў асабліва маладых людзей штодзень быць сведкамі Хрыста, які прыкладам свайго жыцця заклікае да адвагі.
“Ад імя Касцёла заахвочваю сёння вас: адвагі! Сучасны свет патрабуе людзей адважных, якія будуць указваць іншым шлях да Божай праўды”, – звярнуўся іерарх да прымаючых сакрамэнт канфірмацыі. Як дадаў ён, Касцёл чакае ад моладзі, што яна будзе перадаваць далей веру, атрыманую ад продкаў, і дзяліцца ёю асабліва са сваімі аднагодкамі.
На заканчэнне ўрачыстасці маладыя людзі выказалі ўдзячнасць Богу, сваім бацькам, біскупу, святарам і сёстрам законным, якія рыхтавалі іх да гэтай узнёслай хвіліны.
Падчас Эўхарыстыі маліліся таксама за пробашча парафіі кс. прэлата Вінцэнта напярэдадні 38-й гадавіны прыняцця ім прэзбітэрскага пасвячэння. Святар скончыў падпольную семінарыю, якая ў часы ганенняў на Касцёл дзейнічала ў Мядзведзічах. Арганізаваў яе кс. інфулат Вацлаў Пянткоўскі, тагачасны Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі, вязень ГУЛАГу.
Сярод былых вучняў кс. інфулата таксама былі кс. прэлат Антоні Гей, кс. Генрых Акалатовіч, кс. Ігар Лашук і многія іншыя святары. Двое з іх, Антоні Дзям’янка і Казімір Велікаселец, атрымалі біскупскае пасвячэнне. Прэзбітэрскае пасвячэнне сённяшні пробашч лідскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі прыняў 13 верасня 1981 г. у Літве з рук біскупа Юліана Стэфановіча.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Рафал Медзяноўскі