У пачатку верасня з’явіўся 16-старонкавы юбілейны нумар газеты, якая распавядае пра рэлігійнае і культурнае жыццё католікаў і ўсё, што звязана з каталіцтвам у Навагрудку. Газета, якая выходзіць прыкладна раз у месяц, мае наклад каля 150 экзэмпляраў, выдаецца не толькі дзеля інфармавання пра жыццё парафіі, але перш за ўсё дзеля духоўнай фармацыі мясцовых вернікаў.
Паводле навучання Касцёла, каталіцкія СМІ павінны паглыбляць камунікацыю і збліжаць вернікаў, каб яны, ведаючы адзін аднаго, яшчэ больш пазнавалі адзін аднаго і станавіліся бліжэйшымі, адчуваючы сябе як адна сям’я дзяцей Божых.
Дзякуючы намаганням рэдакцыі пад кіраўніцтвам пробашча парафіі кс. д-ра Юрыя Жэгарына і іх ахвярнай працы можна падзякаваць Богу за сілы і энтузіязм, які Ён дае дзеля евангелізацыі праз друкаваныя сродкі камунікацыі.
У юбілейным нумары можна знайсці карысныя матэрыялы пра шкаплер святога Міхала Арханёла, які ва ўрачыстасць св. Міхала Арханёла 29 верасня будуць прымаць парафіяне і госці з іншых парафій, пра новаасвечаны храм у г.п. Любча і тое, як добра крочыць разам у пілігрымцы ў Тракелі, пра казіміраўскі фэст “Разам” і даліну “Эйн Карэм” з засаджаным вінаграднікам ва Уселюбе, а таксама іншыя артыкулы.
На старонках газеты знайшлі сваё месца і артыкулы хрысціянскага светапогляднага плану, а менавіта пра глыбіню перажывання ігнацыянскіх рэкалекцый, шкоду брыдкаслоўя, крызіс хрысціянскіх сем’яў і асабістыя разважанні верніцы пра Божыя дары.
Газета ў PDF-фармаце.
JM