Skip to main content

Дзяцей і моладзь благаславілі на новы навучальны і катэхетычны год у санктуарыі ў Росі

school 40Вось і праляцелі дні самых доўгіх летніх канікул. Восень кліча вучняў за школьную парту. Але ўсе мы – і дзеці, і педагогі, і бацькі, кожны чалавек, які з'яўляецца хрысціянінам, – пакліканы вучыцца ў самага галоўнага Настаўніка – Езуса Хрыста.

Толькі Ён з найвялікшай любоўю вучыць нас жыць у міры з самім сабой, з іншымі людзьмі; імкненню пазнаваць праўду пра Бога, развіваць усе свае таленты, якія дапамогуць рэалізаваць нашы дзіцячыя мары і стаць шчаслівым. І галоўнае – вера, давер да Таго, Хто нас стварыў, Хто нас любіць і адорвае кожнага ўсемагчымымі дарамі праз Святога Духа.

Менавіта з верай, няхай нават у некаторых яна зусім маленькая, 30 жніўня ў санктуарыі Пана Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) сабраліся бацькі, дзеці, студэнты, педагогі, каб падзякаваць Езусу за цудоўны летні адпачынак і атрымаць благаслаўленне на новы навучальны год.

Акрамя таго, кс. Чэслаў Паўлюкевіч і кс. Дзмітрый Папенюк благаславілі школьныя прылады, якімі дзеці карыстаюцца для навучання разнастайным уменням. Няхай жа кожны чалавек, аднойчы стаўшы вучнем Езуса, ніколі не забываецца пра гэта і імкнецца ісці за сваім Настаўнікам да самага галоўнага – да святасці.

Жанна Вераціла