Skip to main content

Больш за 800 дзяцей на I Дыяцэзіяльным дні дзіцяці

1 чэрвеня ў Гродзенскай дыяцэзіі адбыўся I Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці. Яго ініцыятарам стаў кс. Юрый Марціновіч, які па бласлаўленні пастыра нашай дыяцэзіі прыклаў шмат намаганняў для арганізацыі гэтага цудоўнага дня малітвы і забавы. Трэба адзначыць, што на I Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці прыбыла каля 800 дзяцей з розных куткоў нашай дыцэзіі.
Урачыстасці распачаліся супольным спевам “Пан Змёртвыхпаўстаў” у суправаджэнні дзіцячага калектыву “Анёлкі” пар. Беззаганнага Зачацця НПМ у Гродне. Танцавальны калектыў “Радунскія салоўкі” з Радуні ўвёў усіх дзяцей у атмасферу каталіцкага дзяцячага свята. У гэты дзень было шмат забавы, гульні, навукі танца, супольнага спеву.

Перад абедам адбыліся катэхеза і музычна-слоўная праграма “Засей зерне любові”. Дзіцячыя музычныя калектывы парафіі Капцёўка - "Soli Deo", "Dies Domini", “Іскрынка” – дадалі ўсім вясёлага настрою і суправаджалі добрую забаву. Было таксама месца для малітвы і пазнання Бібліі. Так, была арганізавана “сустрэча з Бібліяй”, падчас якой святары і манаскія сёстры наблізілі дзецям, падзеленым на меншыя групы, праўды Бібліі. Супольную Эўхарыстыю адправіў кс. бп Аляксандр Кашкевіч у суправаджэнні прысутных святароў. Падчас Эўхарыстыі ўсе пачуваліся ў святыні як дома, сярод дзяцей панаваў малітоўны настрой. Напрыканцы малітвы, звяртаючыся да ўсіх дзяцей, пастыр нашай дыяцэзіі сказаў: “Я вельмі ўзрушаны тым, што вас так многа сабралося на супольную ўрачыстасць. Будзьце анёлкамі кожны дзень там, дзе знаходзіцеся”. Ксёндз біскуп заахвоціў таксама, каб кожнае дзіця праз малітву і добры ўчынак сеяла зерне любові ў сваіх парафіях.

Арганізатар I Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці кс. Юрый Марціновіч у інтэрв’ю нашаму парталу адзначыў, што напрыканцы мерапрыемства кожнае дзіця атрымае малы мяшэчак зерня, каб магло засеяць яго там, дзе знаходзіцца штодзень. Але найважнейшым з’яўляецца тое, што гэтае зерне Божай любові застанецца назаўсёды ў сэрцы кожнага дзіцяці.

Прадстаўнікі ўсіх парафій перадалі пастыру дыяцэзіі падрыхтаваныя прэзентацыі сваіх парафій, а пасля Эўхарыстыі ўсе маглі паглядзець медыяльную прэзентацыю нашай дыяцэзіі. Потым калектыў “Небасхіл” з Мінска зноўку запрасіў усіх да танца і спеваў.

На заканчэнне мерапрыемства ўсіх чакаў сюрпрыз, вялікі і смачны: кожнае малое дзіця атрымала ад арганізатараў кавалак торту.

Падчас I Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці былі падведзены вынікі аб’яўленых раней конкурсаў, паміж іншым, конкурсу малюнкаў “Мой парафіяльны касцёл” і конкурсу малітваў да Бога. Найлепшыя атрымалі падарункі. Усе ўдзельнікі свята дзіцяці былі ўдзячны кс. біскупу за падтрымку гэтай ініцыятывы, а арганізатарам на чале з кс. Юрыем Марціновічам жадалі ўсіх Божых ласкаў. Выразы падзякі былі выказаны таксама ў адрас кс. пралата Вітальда Лазавіцкага, пробашча святыні ў мікрараёне Паўднёвы, за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.

У найбліжэйшы час на нашым партале можна будзе прагледзець відэарэпартаж пра I Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці.

Давайце ў сваіх малітвах памятаць пра ўсіх дзяцей.