Skip to main content

Моладзь з гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля адпачыла ў польскіх Татрах

dewiatowka gory 23Штогод моладзь гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) падчас летніх канікул выязджае ў польскія Татры на адпачынак.

Сёлета такі адпачынак прайшоў з 15 па 23 жніўня ў Закапанэ. Моладзі традыцыйна спадарожнічалі а. Эдвард Пяцельчыц CSsR і с. Філатэя Ціхановіч CSFN.

Адпачынак адрозніваўся ад папярэдніх, бо ў гэтым годзе ён пачаўся з удзелу ва ўрачыстасці прыняцця вечных манаскіх абяцанняў у айцоў рэдэмптарыстаў брата Максіма Лабкова, які з'яўляецца родным братам пробашча парафіі ў Дзевятоўцы а. Дмітрыя Лабкова.

Пасля гэтай падзеі маладыя людзі адправіліся ў Закапанэ.

Кожны дзень адпачынку пачынаўся з ранішняй малітвы. Пасля сняданку ўдзельнікі выходзілі ў горы і вярталіся ўвечары вельмі стомленыя, але радасныя, бо бачылі шмат цудоўных пейзажаў. Сэрцы маладых людзей радаваліся, калі даводзілася бачыць прыгажосць Божага стварэння. Як пераканалася моладзь, Бог сапраўды стварыў свет цудоўным, і гэтае асаблівае хараство можна заўважыць, будучы ў гарах.

dewiatowka gory 24

 У той час, калі маладыя вернікі былі ў Закапанэ, здарылася трагедыя ў Татрах. Прайшла бура, якая забрала жыццё ў пяці чалавек, а шматлікія турысты атрымалі траўмы, былі пакалечаны. Удзельнікі адпачынку ў гэты дзень не выходзілі ў горы, але вельмі перажывалі гэтую трагічную стыхію. Сваімі малітвамі яны спадарожнічалі ўсім загінулым і пацярпелым.

Вяртаючыся дадому, маладыя людзі затрымаліся на некалькі хвілін у Чорнай Мадонны - у чэнстахоўскім санктуарыі. Там яны мелі магчымасць выказаць Маці Божай свае падзякі і просьбы і падзякаваць за Яе апеку падчас адпачынку ў Татрах.

Уражанні ад гэтага адпачынку ва ўдзельнікаў засталіся вельмі пазітыўныя і ёсць жаданне вярнуцца ў польскія горы яшчэ не адзін раз.

Маладыя людзі вельмі ўдзячныя айцам рэдэмптарыстам за арганізацыю гэтай паездкі, дзякуючы чаму яны мелі магчымасць правесці час разам з Богам і бліжнім.

Эвеліна Лукашэвіч