Skip to main content

Кс. Вітольд Жыльветро: “Я сябар Бога”

1 чэрвеня ў парафіяльным касцёле св. Андрэя Апостала ў Слоніме адбылася своеасаблівая ўрачыстасць. У гэты дзень шматгадовы пробашч гэтай парафіі а. Вітольд дзякаваў Богу за 25 гадоў свайго святарства. На ўрачыстую св. Імшу прыбылі кс. бп Антоні Пацыфік Дыдыч, ардынарый драгічынскі, і пастыр нашай дыяцэзіі кс. бп Аляксандр Кашкевіч. На супольнай малітве было таксама шмат святароў, субратоў капуцынаў меншых і вернікаў з парафіі і ваколіц.
З гаміліяй звярнуўся да вернікаў сам Юбіляр, які адзначыў, што гэта – яго “прызнанне”, як у св. Аўгустына. Распавёў пра сваіх бацькоў, бацькоўскі дом і свой шлях да святарства, а таксама пра душпастырскую службу. Шлях а. Вітольда да святарства быў нялёгкі, але ён цалкам даверыўся Маці Божай, якая заўсёды ім апекавалася. Трэба адзначыць, што а. Вітольд адбудаваў шмат святыняў і служыў усім душпастырскай паслугай у нялёгкі час. У сваёй гаміліі Юбіляр падзякаваў таксама ўсім сабраным і сказаў: “Я моцна кахаю Бога і з’яўляюся Яго сябрам, а паколькі вы ўсе тут разам са мной на гэтай урачыстасці, то можаце смела сцвердзіць, што вы таксама сябры Бога”.

Напрыканцы св. Імшы пастыр Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў Юбіляру за ахвярную працу і пажадаў надалей абвяшчаць Евангелле на нашай зямлі. А кс. бп Антоні адзначыў, што а. Вітольд сваім жыццём піша наступныя “Апостальскія дзеі”. У гэты дзень Юбіляр пачуў шмат добрых і цёплых слоў і ад сваіх парафіян.

Давайце ў сваіх малітвах памятаць пра шаноўнага Юбіляра і прасіць для яго шмат Божых ласкаў у душпастырскай працы.