Skip to main content

Падзяка за пастыра

У свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі кс. бп Аляксандр Кашкевіч узначаліў св. Імшу ў гродзенскай катэдры, падчас якой разам са святарамі і Божым Людам дзякаваў Богу за 35 гадоў святарскай паслугі і 20 гадоў паслугі біскупа.
На пачатку эўхарыстычнай літургіі ксёндз біскуп падкрэсліў, што Маці Божая займае асаблівае месца ў жыцці кожнага святара. З гаміліяй звярнуўся да вернікаў кс. Раман Катлімоўскі, які прыгадаў жыццяпіс ксяндза біскупа і распавёў пра яго шлях служэння, які вёў ад Эйшышак праз Вільна да Гродна. Напрыканцы св. Імшы ад імя ўсіх святароў да біскупа звярнуўся а.Андрэй Шчупал, які ў цёплых словах выказаў вялікую радасць з той нагоды, што Гродзенская дыяцэзія мае так знакамітага пастыра. Ад імя вернікаў пажаданні склалі дзеці катэдральнай парафіі і старэйшыя людзі. Днём раней кс. біскуп спаткаўся пад Коўна (Літва) са сваімі аднакурснікамі. Далучаючыся да святкавання 20-годдзя паўстання нашай дыяцэзіі, памятайма ў сваіх малітвах пра кс. біскупа Аляксандра.

Кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Біскуп Гродзенскі.
Нарадзіўся 23 верасня 1949 г. у вёсцы Падгайдзе парафіі Эйшышкі Віленскай архідыяцэзіі.
Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Коўне і 30 мая 1976 г. атрымаў святарскае пасвячэнне.
У 1976-1981 гадах працаваў вікарыем у Панявежысе. У 1981 г. стаў пробашчам парафіі Святога  Духа ў Вільна.
13 красавіка 1991 г. Святы Айцец прызначыў яго біскупам новаўтворанай Гродзенскай дыяцэзіі.
Кансэкрацыя біскупа адбылася 23 мая 1991 г. У гербе біскупа ксёндз біскуп змясціў дэвіз “Езу, давяраю Табе”.
14 чэрвеня 2006 г. абраны старшынёй  Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Узначальвае Раду па справах моладзі і Раду па справах каталіцкага выхавання.