XVIII пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Пана Езуса Журботнага ўжо завяршылася. Аднак у сэрцах удзельнікаў яна пакінула вялікі след і шмат цёплых успамінаў.
Вернікі, якія прынялі ў ёй удзел, засталіся пад глыбокім уражаннем, бо час, які яны правялі ў дарозе, прайшоў не дарэмна, а ўжо сёння пачынае прыносіць у іх жыцці благаслаўлёныя плёны.
Аб тым, як прайшоў гэты час і што прынесла пілігрымка ў іх жыццё, распавядаюць некаторыя з іх.
Іна Белавокая (Гродна, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі):
“Для Бога няма нічога немагчымага” – з гэтымі словамі мы скіраваліся ў пілігрымку з 4 дзецьмі. Разумеючы, што ідзеш з дачкой, якой паўтара гады, можаш чакаць чаго заўгодна. Так і было. На прыпынках я не прысела, бо за кожным трэба было глядзець, а ў дарозе даводзілася несці дзіця на руках па пары кіламетраў.
На дзіва, Езус пасылаў велізарную колькасць людзей, якія дапамагалі везці каляску і ровар па пяску або адцягвалі размовамі і гульнёй дзяцей па дарозе. За гэта ім вялікі дзякуй.
Трэба прызнаць, што ў дарозе было цяжка, але Пан ніколі не абяцаў лёгкага шляху. Мы ішлі з дзякаваннем за ўсе ласкі і дары ад Бога для ўсіх нас. А вось нашы дзеці, з дакладным і цвёрдым рашэннем, ішлі з просьбай аб здароўі дзядуляў і бабуль. Гэта нас вельмі парадавала, бо калі выхоўваеш дзяцей, часта задаеш сабе пытанне: “А ці правільна ўсё робіш? Ці застанецца ў іх тая часцінка веры, прыклад якой даеш?”
У гэтым годзе вельмі парадавала тое, што ішла велізарная колькасць дзяцей ад года і старэйшых. Яны ўваходзілі ў Рось, неслі крыж з вяночкамі, якія зрабілі ім пілігрымы з палявых кветак.
Калі ўжо вярнуліся дадому, мы абмяркоўвалі, што каму больш за ўсё спадабалася. І зразумелі, што след у кожным маленькім сэрцайку нашай сям’і ўжо застаўся пасля сустрэчы з Езусам, Тым, хто падарыў нашым дзецям Жыццё”.
Максім Хаванскі (Ліда, парафія Святой Сям’і):
“У пілігрымкі я хажу даволі часта. У пешай пілігрымцы з Гродна ў санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Рось у гэтым годзе ішоў ужо ў чацвёрты раз.
Кожны раз стараюся падрыхтавацца да гэтай дарогі і знайсці нейкую важную інтэнцыю. Гэты год быў асаблівы, таму што ў мяне была важная просьба да Бога. Спадзяюся, тое, аб чым я Яго прасіў, будзе выслухана. Бог заўсёды дае чалавеку ласку, калі той з чыстым сэрцам і верай у Яго просіць. Сам у гэтым ужо не раз пераканаўся!
Хачу сказаць вялікі дзякуй усім арганізатарам, службам пілігрымкі, якія стварылі цудоўную атмасферу няхай вялікай, але самай сапраўднай сям’і.
Тым больш што ў гэтым годзе тэмай нашай пілігрымкі была сям’я. Таму хочацца, каб у кожнай сям’і было месца для Бога і каб нашы сем’і былі моцныя Богам!”
Антон Іодка (Вавёрка, парафія Перамянення Пана):
“Не першы год ужо хажу, але ў пілігрымку з Гродна ў Рось скіраваўся ў першы раз. Пілігрымка для мяне як духоўная ежа. Прайшла ўся стомленасць ад штодзённых клопатаў, мітусні. Адразу становіцца спакайней.
Падчас пілігрымкі і пасля было над чым задумацца, на канферэнцыях з кс. Янам Раманоўскім разглядалі важныя тэмы, асабліва аб праблемах сям’і.
На некаторых этапах шляху было складана, былі думкі спыніцца, але мне дапамагалі мае сябры, як старыя, так і новыя, якія з’явіліся. Без іх падтрымкі я, напэўна, не змог бы далей ісці. Таксама не змог бы прайсці і без веры.
Пасля таго, як мы ўжо прыйшлі ў санктуарый, калі сталі на калені і ўбачылі цудатворную фігуру Езуса Журботнага, тады ўсвядоміў, што не дарма пайшоў. Тады я зразумеў сэнс гэтага шляху. З’явілася цяпло ў грудзях, спакой. Хацелася б, каб гэты душэўны стан заставаўся на працягу ўсяго года”.
Вераніка Жукоўская (Гродна, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі):
“У пілігрымку Гродна-Рось са сваёй сям’ёй мы пайшлі другі раз. Для мяне, як, напэўна, і для ўсіх, пілігрымка – гэта рэкалекцыі ў дарозе. Час, калі можна пабыць сам-насам з Богам, удзельнічаць у Крыжовым шляху, Ружанцы, слухаць канферэнцыі, праслаўляць Бога песнямі і танцамі і, канешне, магчымасць завесці новыя знаёмствы.
Гэта ўсё пакідае бачны след у душы кожнага чалавека. Гэта ўсё ўплывае на рост нашай веры і духоўнага жыцця.
У санктуарыі ў Росі вельмі кранула начная адарацыя. Усю ноч мы маліліся перад цудатворнай фігурай, а дадому вярнуліся напоўненыя Духам Святым і сіламі, якія дазволяць нам ісці праз жыццё.
Хочацца, каб гэтая сустрэча з Богам змяніла маё жыццё і ўсіх людзей, якія гэтыя тры дні былі побач са мной”.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Адамовіч