6 жніўня парафіяльная супольнасць у Вавёрцы (Лідскі дэканат) перажывала штогадовую адпустовую ўрачыстасць Перамянення Пана.
На ўрачыстай Імшы сабраліся шматлікія вернікі. Прыбылі таксама святары з Лідскага дэканату і іншых месцаў.
Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафію, цэлебраваў кс. канонік Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёну.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі, казаў, што жыццё чалавека павінна быць нястомным перамяненнем у лепшы бок. Па словах святара, крыніцай перамянення чалавека павінны стаць бязмежны давер Богу і ўважлівае ўслухоўванне ў голас прамаўляючага Пана.
Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні і гімнам Te Deum laudamus, падчас якога ўдзельнікі літургіі дзякавалі Богу за ўсе атрыманыя ад Яго ласкі.
Пробашч кс. Андрэй Роўба CRL падзякаваў усім гасцям за супольную малітву і прысутнасць у такі важны для парафіі дзень. Сваім жа парафіянам ён выказаў удзячнасць за падрыхтоўку святыні і тэрыторыі каля яе да адпустовай урачыстасці.
JM
Фотa: Алеся Рушлевіч