5 жніўня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў вячэрнюю святую Імшу ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя на заканчэнне сёлетніх урачыстасцяў у гонар Маці Божай Кангрэгацкай – Апякункі студэнтаў і Заступніцы города над Нёманам.
На Эўхарыстыі сабраліся жыхары горада, каб на ўзор папярэдніх пакаленняў усе свае штодзённыя клопаты даверыць Богу дзякуючы дапамозе сваёй нябеснай Заступніцы. Прыбылі таксама святары, якія служаць у Гродне.
У гаміліі біскуп Кашкевіч казаў пра вялікую ролю ў нашай традыцыйнай пабожнасці, якую адыгрывае Марыя, да якой шматлікія вернікі прыходзяць у катэдральны касцёл са сваімі радасцямі і смуткам, даручаючы Ёй праблемы і цяжкасці, спяшаюцца да Яе, калі сэрца напаўняе пачуццё ўдзячнасці і прагненне праславіць Бога за атрыманыя дары і ласкі.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што для кожнага, хто верыць у Езуса Хрыста і вызнае Яго як Сына Божага, адзінага Збаўцу свету, Марыя з’яўляецца Маці.
Па словах іерарха, найвялікшае жаданне Марыі – каб кожны з Яе дзяцей быў шчаслівы, а шчасцем сапраўдным, поўным, трывалым і непрамінальным можа адарыць чалавека толькі Бог.
“Бо чалавек цалкам шчаслівы і споўнены толькі тады, калі ён любімы, калі спазнае любоў. Марыя прагне, каб мы таксама спазналі Божую любоў”, – дадаў біскуп.
Іерарх адзначыў, што Найсвяцейшая Маці не толькі скіроўвае да нас сваё матчынае слова, але таксама моліцца за нас, заступаецца за нас перад сваім Сынам у розных патрэбах, апякуецца намі і ратуе ў небяспеках.
Біскуп заклікаў усіх шматлікіх прысутных даверыць Марыі свае патрэбы, дарагіх людзей, сем’і, знаёмых, сяброў, а асабліва тых, каму найбольш патрэбна Божая дапамога.
Цудатворны абраз Маці Божай Кангрэгацкай больш за 300 гадоў таму, раней, чым была ўзведзена катэдральная базыліка ў Гродне, атачаўся пашанай і пабожнасцю вернікаў у касцёле айцоў езуітаў пад тытулам Пятра і Паўла.
Вялікаму распаўсюджванню культу Марыі спрыялі члены Марыянскага таварыства, ці брацтва шанавальнікаў Маці Божай, якія апекаваліся гэтым абразом, маліліся перад ім і пашыралі сярод народу словам і асабістым прыкладам набажэнства да Яе.
Членамі гродзенскага Марыянскага таварыства былі навучэнцы езуіцкага калегіума, таму гэты абраз вядомы таксама пад тытулам Маці Божай Студэнцкай.
Нягледзячы на прашэсце многіх гадоў, на цяжкі лёс Каталіцкага Касцёла на нашых землях, на тое, што сёння ў Гродне няма ні айцоў езуітаў, ні іх навучэнцаў, культ Марыі ў Кангрэгацкім абразе захаваўся.
Аб гэтым сведчаць не толькі шматлікія вотумы, не толькі апісанні ласкаў, атрыманых праз Яе заступніцтва, але і пастаянная прысутнасць ля Яе верных шанавальнікаў.
У гэтай капліцы, дзе знаходзіцца цудатворны абраз, адбываецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту на працягу дня. Людзі на каленях у цішыні трываюць кожны дзень перад эўхарыстычным Езусам і перад абразом Найсвяцейшай Маці.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Уладзіслаў Семянчук