Skip to main content

Дзённік пілігрыма Гродна - Рось: 3 жніўня

4990upWi0Z0

Хвала Хрысту!

 Дзень другі.

І зноў ранні пад’ём. Гасцінныя гаспадары накармілі нас і на развітанне зрабілі разам сэлфі. Пасля такога дабрадушнага прыёму з’явілася шмат сіл і энергіі.

У касцёле ў Вялікіх Эйсмантах памаліліся побач з Жывым Богам у Найсвяцейшым Сакраманце і вырушылі да канчатковай мэты, у санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі.

Настрою дадала песня “ Алелюя” ад спадарыні Чэславы (Джэсікой яе яшчэ называюць), бо першыя кіламетры пілігрымка ішла па пяску і гравейцы.

Сёння нам спатрэбіліся хусткі і панамы – пякло сонца. Некаторым давялося выкарыстоўваць пантэнол. Адпачыць часам спыняліся ў своеасаблівай кавярні, дзе можна было выпіць кавы ці гарачай мяты, якая дапамагае ў спякоту.

На ружанцы маліліся ў інтэнцыях пілігрымаў, тых, хто прасіў аб малітве, за сем’і ў Беларусі, і таксама ў вашых інтэнцыях, паважаныя чытачы.

Гасцінна нас прынялі на абедзе ў Рэплі. Прывал трываў ажно гадзіну, а не 15 хвілін, як заўсёды. За гэты час паспелі прыняць у групу новых пілігрымаў і ахрысціць іх вадою.

i I08dxvs8A

Як і ў першы дзень, канферэнцыю прамовіў кс. Ян Раманоўскі. Святар заахвоціў мець адвагу заставацца пры сваіх вартасцях у шматгранным свеце. “Каштоўнасці, які закладваюцца ў сям’і, павінны быць у першую чаргу хрысціянскімі. Сям’я павінна пачынацца з чысціні і будавацца на Езусе”, – заўважыў кс. Ян.

На апошнім прыпынку жанчыны назбіралі палявых кветак і сплялі вяночкі для дзяцей, каб прыгожа ўвайсці ў Рось. Мне сяброўка такасама зрабіла вяночак, бо ўсе мы дзеці Божыя.

Першымі ў санктуарый уваходзілі дзеткі, якія везлі крыж. Выглядала прыгожа. Астатнія голасна спявалі, крычалі, махалі зялёнымі стужкамі і шарыкамі. Радасць перепаўняла...

ECNv9EfzqBs

Дзякую кожнаму, хто быў побач, хто чытаў дзённік, глядзеў фота. Памятаю пра ўсіх у малітве.

Вольга Сяліцкая