З 15 па 26 ліпеня пры салезіянскім араторыі iмя св. Яна Боско ў Смаргонi адбыліся вакацыі з Богам для дзяцей і падлеткаў, арганізаваныя аніматарамі разам з сёстрамі салезіянкамі i кл. Міхаілам Вішнеўскім SDB.
На працягу дзесяці дзён дзеці разважалі над жыццём кс. Андрэа Бельтрамі і яго асабістым жаданнем стаць святым. Спазнаючы дзень за днём жыццё маладога салезіянскага святара, удзельнікі вакацый разважалі над рознымі тэмамі і стараліся адказаць на пытаннi, чаму яны могуць у яго навучыцца i што дапамагала яму ў дасягненнi святасці. Падчас вакацый удзельнікі вучыліся цаніць сваё дзяцінства, сваю сям’ю, разважалі над тэмамi паклікання і працавітасці, церпялівасцi і ахвярнасцi, а таксама думалi пра асабістую сустрэчу з Богам і шукалi шлях, якi можа дапамагчы быць верным сваім абавязкам.
Дзеці мелі магчымасць таксама пабываць у Мінску ў музеі транспарта “Экацехнум” і ў Гудагаі, дзе з вялікай радасцю маліліся каля абраза Маці Божай Шкаплернай, выпрошваючы патрэбныя ласкі для сябе і сваіх сем’яў.
Штодзённая св. Імша, гульні, сцэнкі, тэматычныя сустрэчы, розныя гурткі дапамагалі дзецям добра адпачыць i паглыбіць сваю сувязь з Богам.
Трэба падкрэсліць асаблівы экалагічны дзень, які быў праведзены з дапамогай салезіянкi супрацоўніцы Ірыны Клявец ASC, падчас якога дзеці маглi даведацца шмат цiкавага ў экалагічных стэндах у парку, з задавальненнем удзельнічалі ў розных гульнях.
У апошні дзень лагера адбыўся канцэрт, падрыхтаваны дзецьмі, падчас якога ўдзельнiкi вакацый дэманстравалі свае таленты.
Напрыканцы канцэрта с. Валянціна Кот FMА падзякавала ўсім удзельнікам і арганізатарам лагера. Сястра падкрэсліла, што кожнаму неабходна вучыцца ахвярнасці і адданасці ў дасягненні святасці, як гэта чыніў кс. Андрэа Бельтрамі.
Паводле sdb.by