24 ліпеня ў будынку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў Мінску адбыўся першы тур уступнага экзамену для кандыдатаў на першы год навучання ў Вышэйшых духоўных семінарыях у Гродне і Пінску.
Як паведамляе catholic.by, на першы год было прынята 5 кандыдатаў. Трое з іх паходзяць з Гродзенскай дыяцэзіі: Віталій Сямёнаў (парафія Узвышэння Святога Крыжа, Ліда), Аляксей Ціхан (парафія Узвышэння Святога Крыжа, Ліда) i Аляксей Залога (парафія Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, Канвелішкі).
Экзамен прымала экзаменацыйная камісія ў наступным складзе: біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB – старшыня камісіі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ксёндз Віталій Вайцяхоўскі – рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, i ксёндз Павел Эйсмант – куратар 1-га прапедэўтычнага курсу.
Экзаменацыйныя пытанні датычыліся Катэхізісa Каталіцкага Касцёла, жыцця Паўсюднага і лакальнага Касцёла, яго структуры з мэтай лепш ацаніць зацікаўленасць кандыдатаў тым, як жыве Касцёл. Акрамя таго, кандыдатам трэба было растлумачыць матывы свайго выбару следаваць за Хрыстом, які кліча іх да працы ў Яго аўчарні ў якасці святароў.
Другі тур уступнага экзамену ў Вышэйшыя духоўныя семінарыі ў Гродне і Пінску адбудзецца 12–13 жніўня па адрасе: г. Мінск, вул. Кальцова, 153.
Усіх зацікаўленых сардэчна запрашаем на ўступны экзамен у жніўні і просім усіх людзей добрай волі аб малітве ў інтэнцыі новых і святых пакліканняў да святарства.