Skip to main content

Адбылася пешая пілігрымка Гродна-Навумавічы: удзельнікі пра свае ўражанні

nv pl 7620 ліпеня адбылася V пешая евангелізацыйная пілігрымка з Гродна на месца спачыну ахвяр Другой сусветнай вайны ў лесе каля Навумавічаў, дзе знаходзіцца масавае пахаванне людзей, расстраляных падчас Другой сусветнай вайны, жыхароў Гродна і Ліпска.

Між іншым, там была расстраляна і бл. Мар’яна Бярнацкая i святары, якія служылі ў гродзенскіх касцёлах. Сёлета прыпала 76-я гадавіна гэтай страшнай трагедыі.

У гэтым годзе пілігрымка, якая вырушыла з гродзенскай святыні Маці Божай Анёльскай, праходзіла пад дэвізам “Пакліканыя да веры і сведчання аб Хрысце”.

У пілігрымку вырушыла каля 200 чалавек, сярод якіх былі таксама святары. Гэтая пілігрымка вылучаецца характарам пакаяння. Яна працягваецца менш за дзень. Падчас яе ўдзельнікі разважаюць над гераічнымі ўчынкамі мучанікаў, якія пралілі сваю кроў на нашай зямлі.

Сваімі ўражаннямі дзеляцца ўдзельнікі.

 
Вольга Голуб

Любоў павінна быць бескарыслівай

Я ішла першы раз. Раней усё не атрымлівалася, а тут змагла. Яшчэ сёння пачула, што беатыфікацыя бл. Мар’яны была 13 чэрвеня, расстрэл 13 ліпеня. Я 13 ліпеня нарадзілася, і гэта мяне вельмі ўразіла і я зразумела, што аказалася тут не выпадкова.

nv pl 67

Пілігрымка вельмі спакойная, ёсць магчымасць задумацца, паразважаць над сваім жыццём. Зразумець, якія людзі жылі да нас на нашых гродзенскіх землях. Іх прыклад вельмі красамоўна кажа пра тое, што яны стараліся наследаваць Хрыста, аддаючы самае дарагое, што ёсць у чалавека, - жыццё за бліжняга. Як Мар’яна аддала сваё жыццё за цяжарную нявестку, не за сына.

Думаю, у сучасным грамадстве мы губляем такое стаўленне да бліжняга. Больш схільныя да эгаізму, вырашэнню сваіх праблем, а калі нехта просіць дапамогі, думаем, узважваем – дапамагчы ці не зараз. Многія чакаюць, шго мне прапануюць узамен. Але ж любоў да бліжняга павінна быць бескарыслівай! Нам вельмі многаму можна і трэба навучыцца ў гэтых гераічных людзей. Гэтых святых людзей, якія так паступалі, не раздумваючы, гатовыя да самаахвяравання. Як вучыў Езус, што няма большай любові, чым аддаць жыццё за свайго бліжняга.

 

Марыя Загорская

Вучыцца адвазе ў мучанікаў

У пілігрымцы прымала ўдзел упершыню. Даўно хацела пайсці, але ніяк не рашалася. І вось дачка кажа, пойдзем разам. Я падумала і вырашыла, што трэба схадзіць. Дарога паказалася не вельмі цяжкай. У самой пілігрымцы вельмі спадабаліся сведчанні людзей, малітва, якая нас усіх аб’ядноўвала. Таксама, калі я ішла, разважала, як было страшна тым людзям, якія ішлі на смерць, пад аўтаматамі і браханнем сабак, намагалася ўявіць, што яны ў той момант адчувалі, і нават слёзы пачалі наварочвацца на вочы.

nv pl 91

Хочацца браць прыклад адвагі ў гэтых людзей. Ад благаслаўлёнай Мар’яны хочацца вучыцца быць добрай свякроўю для сваіх нявестак, любові і дабру, імкненню дапамагчы бліжняму ў патрэбны момант. Вельмі рада, што атрымалася пайсці ў гэтую пілігрымку.

 

Віктар Міськевіч

Пан Бог выслухае нашы просьбы

Пілігрымка – гэта вельмі важны час, калі ты можац пабыць сам-насам з Богам, нягледзячы на тое, што вакол цябе дзясяткі людзей, усе спяваюць, моляцца, размаўляюць, і, здавалася б, няма ніякай магчымасці адасаблення, але варта толькі на секунду “адключць гук” – і вось ты ўжо сам-насам з Ім. Ідзеш плячо ў плячо, кажаш Яму пра свае праблемы, якія Ён і так ведае, просіш прабачэння за свае грахі, якія Ён даўно ўжо прабачыў, і дзякуеш за ўсе дары, якія ад Яго атрымаў.

Пілігрымка ў Навумавічы крыху адрозніваецца ад усіх астатніх, тут крыху менш танцаў і весялосці, бо мы ідзем ушанаваць памяць людзей, загінулых у гады вайны. І гэта дае табе магчымасць якраз гэтага самага адасаблення.

nv pl 69

Я ішоў першы раз у гэтай пілігрымцы, бо раней не было магчымасці, і, спадзяюся, не апошні. Гром, навальніца – усё гэта было так блізка, і я ўжо радаваўся, што ўзяў дажджавік, але ён не спатрэбіўся. Бог нас аберагаў і даў нам ідэальнае надвор’е. Я ішоў і прасіў Бога ў інтэнцыі, якую нашу ў сэрцы, і ведаю, што яна будзе пачута. Бог ніколі не прапускае нашы просьбы, магчыма, яшчэ не настаў той самы момант...

 

Стас Дзянісаў

Умацавацца ў веры

Удзельнічаю ў пілігрымцы на Форт №2 ужо ў трэці раз. Па часе і кіламетражы яна невялікая, але добрых уражанняў прыносіць вельмі шмат. Любая пілігрымка – гэта вялікая хрысціянская сям’я, дзе людзі духоўна зараджаюцца, радуюцца, моляцца, праслаўляюць Бога і проста добра праводзяць час.

nv pl 61

На Форт №2 пайшоў, каб ушанаваць памяць пра загінулых там людзей і памаліцца праз заступніцтва святых мучанікаў пра дабрабыт для ўсіх людзей. А таксама ішоў у інтэнцыі, каб Бог умацаваў мяне ў веры і дапамагаў бачыць правільны шлях, каб я мог дзяліцца сваёй верай з тымі, хто навокал, і рабіў гэта правільна. Пілігрымка вельмі хутка завяршылася, а добрыя эмоцыі засталіся надоўга.

 

Людміла Арлукевіч

Жыць для іншых людзей

У гэтую пілігрымку я ішла з інтэнцыяй, якая звязана не з нейкімі матэрыяльнымі ці фізічнымі праблемамі, а больш духоўнымі, на якія я прашу ў Бога дапамогі, парады. Гэта добры момант крыху абстрагавацца ад штодзённай мітусні, беганіны, спраў і прысвяціць гэты час Богу, разважанням пра маё жыццё, тое, як я пражывваю гэтае жыццё, як падарыў мне Пан, пра любоў да бліжняга, наколькі мы гатовыя думаць не толькі пра сябе, а жыць для іншых, таму што, на жаль, мы ў цэнтры ставім сваё “я”, а іншыя нам у асноўным абыякавыя.

nv pl 88

І мне Пан у каторы раз у дробязях паказаў, што мне не хапае даверу да Яго… Пане, дзякуй Табе за тое, што Ты дапамагаеш мне гэта ўбачыць, дзякуй Табе за Тваю любоў і міласэрнасць, не зважаючы на нашу грахоўнасць і нашы слабасці. Хвала Табе, Пане! Аберагай нас усіх! 

 

Ганна Барысевіч

Шукаць адказу на непакоячыя пытанні

Свой дзень нараджэння я адзначыла ў пілігрымцы Гродна-Навумавічы. Гэта быў круты падарунак ад Бога! Я была ў гэтай пілігрымцы другі раз. У нас было шмат часу праслаўляць Бога. А яшчэ мне спадабалася, што былі розныя сведчанні лідараў евангелізацыйных курсаў “Альфа” на розныя тэмы, якія вельмі мяне закранулі. Была таксама магчымасць паразмаўляць са святаром. 

nv pl 70

Нарэшце я знайшла адказ на адно пытанне, якое мяне хвалюе. Інтэнцыі ўзяла наступныя: за дар жыцця, аб неабходных падарунках для ўсіх людзей, якія мне дапамагалі і працягваюць дапамагаць.

 

Вераніка Кучынская

Пашыраць культ бл. Мар’яны

Форт у Навумавічах памятаю з самага маленства. Штогод мы прыяжджалі з сям’ёй у гэтым месяцы ў дзень расстрэлу на святую Імшу. Будучы малым дзіцём, напэўна, не ўсё разумела пра далёкія дні вайны, але выключнасць месцы адчувалася заўсёды.

У гэтым годзе ішла я ўжо трэці раз з малітвай за сем’і і родных аб згодзе і супакоі ў іх. Радасна на душы, калі бачыш, што культ благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай пашыраецца. Калі 10 гадоў таму на гэтым месцы маліліся толькі нешматлікія людзі з нваакольных парафій, то сёння прыходзіць ужо столькі пілігрымаў. 

nv pl 90

Дасягнуўшы Навумавіцкага лесу, пілігрымы доўга стаялі ў маўчанні, углядаючыся ў крыж, які ўздымаецца на гары. Яны дзякавалі Богу за гэты час і за сведчанне веры столькіх мучанікаў, якія сёння просць і аб нашай адвазе.

Kс. Юрый Марціновіч