20 ліпеня, трэці дзень рэкалекцый па распазнанні паклікання, што праходзяцьу сценах Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, выдаўся вельмі цікавым і насычаным на падзеі.
На пачатку дня хлопцы ў малітве папрасілі Божага благаслаўлення на чарговы дзень рэкалекцый, каб пачутыя словы і духоўныя практыкаванні добра падзейнічалі ў справе будавання адносін з Езусам Хрыстом.
Пасля сняданку адбыліся конкурс па веданні Святога Пісання і інтэграцыйная віктарына, якія падрыхтаваў прэфект семінарыі кс. Ян Раманоўскі. Падчас гэтага мерапрыемства хлопцы маглі паспаборнічаць у здабытых ведах, а таксама пачуць шмат цікавых фактаў са старонак Бібліі. Пасля віктарыны ўсіх удзельнікаў чакаў салодкі пачастунак.
У першай палове дня таксама прайшла сустрэча ў групах. Маладыя людзі кожны ў асобнай групе разам з семінарыстамі разважалі на тэмы паклікання, перажывання св. Імшы, ролі Святога Пісання ў жыцці хрысціяніна і іншыя.
Пасля смачнага абеду хлопцы маглі крыху адпачыць. Пазней кс. прэлат Ежы Лявінскі распавёў удзельнікам рэкалекцый аб узнікненні культу Божай Міласэрнасці, тым самым падрыхтаваўшы іх да малітвы Вяночка да Божай Міласэрнасці, якую ўзначаліў. Адразу пасля Вяночка адбылася канферэнцыя на тэму “Гісторыя мучаніцкай смерці жыхароў Гродна, Ліпска і ваколіц у Навумавічах”.
Галоўнай падзеяй дня стаў выезд на месца спачыну расстраляных падчас ІІ Сусветнай вайны, у Навумавічах каля Гродна, дзе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў урачыстую Эўхарыстыю. Там сабраліся святары, шматлікія вернікі дыяцэзіі, а таксама госці з іншых краін.
Падчас Імшы ўшанавалі Мар’яну Бярнацкую, благаслаўлёную гродзенскай зямлі. Да ўрачыстасці далучыліся і ўдзельнікі рэкалекцый разам з арганізатарамі і семінарыстамі.
Андрэй Юхнік
Фота: Павел Леановіч