19 ліпеня, у другі дзень рэкалекцый па распазнанні паклікання, якія праходзяць у будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, юнакі мелі насычаную праграму. Распачалі новы дзень хлопцы з ранішняй малітвы і разважання над Евангеллем.
Скіраваць свае думкі да Бога падчас малітвы дапамог юнакам прэфект семінарыі кс. Ян Раманоўскі, які потым звярнуўся да маладых людзей з канферэнцыяй.
Святар прапанаваў засяродзіцца над тэмай, як кожны з нас адказвае Богу на Яго заклік “Ідзі за Мной!”, і прывёў прыклады святых, якія стараліся адгукнуцца на запрашэнне Пана і як найлепей рэалізаваць сваё пакліканне. Юнакі мелі магчымасць падыскутаваць са святаром і задаць пытанне, а крыху пазней папрацаваць у групах разам з семінарыстамі.
Пасля невялікага перапынку ўдзельнікі рэкалекцый прывіталі пастыра Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча, які кожны раз наведвае юнакоў падчас такіх рэкалекцый. Як заўсёды, галоўнай часткай кожнага дня была Эўхарыстыя, якую ўзначаліў Гродзенскі біскуп. На святой Імшы сабраліся таксама выхавацелі семінарыі і арганізатары рэкалекцый, семінарысты і ўдзельнікі сустрэчы.
Пасля Імшы адбыўся абед. Потым жа пляцоўка рэкалекцый перанеслася ў санктуарый Маці Божай Яснагорскай на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы. У гэтым напоўненым малітвай і цішыні месцы юнакі разам з арганізатарамі даверылі сябе і сваю будучыню Найсвяцейшай Марыі Панне і памаліліся на ружанцы.
Цікавай часткай дня сталі спартыўныя спаборніцтвы па міні-футболе і рухомыя гульні на школьным стадыёне ў Капцёўцы. Добрае надвор’е паспрыяла таму, каб выдатна правесці час на свежым паветры. Найграўшы апетыт, юнакі добра падсілкаваліся і направіліся назад у семінарыю.
Такім чынам завяршыўся другі дзень рэкалекцый, які быў насычаны малітвай і актыўным адпачынкам.
Андрэй Юхнік
Фота: Павел Леановіч