18 ліпеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне пачаліся рэкалекцыі для юнакоў па распазнанні паклікання. На сустрэчы сабралося больш за 40 хлопцаў, якія ў цішыні і супольнасці хочуць паразважаць над сваім жыццём і распазнаваць шлях, які падрыхтаваў для іх Пан.
Тэмай рэкалекцый сталі словы з Евангелля “Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!” (Мц 14, 27). Таму ў іх межах удзельнікі шматразова будуць чуць слова “адвага”, якая патрэбна асабліва ў маладосці ў прыняцці жыццёва важных рашэнняў, а таксама ў наступныя гады свайго крочання праз жыццё.
Рэкалекцыі пачаліся ў семінарыйнай капліцы, якая з’яўляецца духоўным цэнтрам гэтай навучальнай установы. Там сабраліся ўдзельнікі, семінарысты і мадэратары семінарыі, каб святой Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, даць старт гэтым духоўным практыкаванням.
Усіх сардэчна прывітаў духоўны айцец семінарыі і адказны за душпастырства пакліканняў у Гродзенскай дыяцэзіі кс. Ян Сарэла. Ён падкрэсліў, што гэта выключны час, калі трэба ўважліва слухаць Пана жніва, які кліча людзей да працы ў сваім Касцёле.
Біскуп Юзаф Станеўскі ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў рэкалекцый і тых, хто іх праводзіць, цэлебраваў Імшу. У гаміліі ён асабліва падкрэсліў патрэбу вядзення дыялогу з Богам. Біскуп адзначыў, што мы жывём у часы, калі элементы камунікацыі вельмі развітыя, што, безумоўна, вельмі часта перашкаджае ў будаванні адносін з Богам і іншым чалавекам.
Таму іерарх пажадаў, каб прыпынак, які зрабілі хлопцы ў семінарыі, стаў для іх нагодай услухацца ў голас Бога, які звяртаецца да кожнага чалавека, і распазнаць шлях, які Ён падрыхтаваў для кожнага.
Пасля Імшы адбылася ўводная сустрэча, дзе кожны прадставіўся і сказаў, чаго чакае ад гэтых рэкалекцый і з якой мэтай на іх прыехаў.
Kс. Юрый Марціновіч