13-14 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) адбыліся штогадовыя адпустовыя ўрачыстасці.
У межах фэсту ўзгадалі шэраг важных у гісторыі гэтага святога месца датаў: 255-годдзе кансэкрацыі гудагайскай святыні, 10-годдзе асвячэння Кальварыі, 5-годдзе абвяшчэння касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі дыяцэзіяльным санктуарыем.
Да гэтых прыгожых гадавін, за якія дзякавалі Богу шматлікія сабраныя пілігрымы і шанавальнікі Маці Божай Шкаплернай з нашай краіны і з замежжа, далучылася 30-годдзе прызначэння першага ў сучаснай гісторыі Беларусі пасля перыяду савецкага пераследу веры біскупа для католікаў Беларусі, сённяшняга арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча.
Роўна 30 гадоў таму ў гудагайскім касцёле было абвешчана, што Папа Ян Павел ІІ прызначыў ксяндза Тадэвуша Kандрусевіча Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі.
У межах двухдзённых урачыстасцяў адбыліся між іншым Крыжовы шлях на мясцовай Кальварыі, які ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, начное чуванне, Імша пастэрка апоўначы.
Вянцом фэсту стала святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які прыбыў, каб асабіста падзякаваць Марыі за 30 гадоў свайго пастырства.
На пачатку Эўхарыстыі арцыбіскупа, біскупа Станеўскага, святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх прысутныў сардэчна прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што святыня ў Гудагаі стала асаблівым месцам, дзе сустракаецца сям’я тых, хто носіць шкаплер і заўсёды імкнецца праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці ўзносіць малітвы да Бога.
Іерарх выказаў удзячнасць айцам кармэлітам, якія прынялі на сябе адказнасць за душпастырства ў санктуарыі, і дадаў, што дзякуючы іх служэнню невялічкая святыня, якая ўзвышаецца на гудагайскім узгорку, стала вялікім духоўным цэнтрам культу Маці Божай Шкаплернай у нашай краіне.
У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч засяродзіў увагу на Найсвяцейшай Панне Марыі і Яе апецы над вернікамі, якая праяўляецца ў кульце святога шкаплера.
Ён нагадаў, што шкаплер складаецца з двух злучаных паміж сабой кавалкаў палатна, якія носяцца на грудзях і плячах. Гэта, заўважыў іерарх, вельмі сімвалічна. Гладыятары ці даўнія ваяры выходзілі на поле бою з адмысловым шчытом, каб ім бараніцца ад ворага. Аднак вораг можа быць не толькі спераду, але і ззаду, што вельмі важна, калі разважаем пра духоўнага ворага.
“Не так даўно мы перажывалі ганенні на Касцёл і веру. Гэта быў вораг, якога можна было бачыць, бо афіцыйная ідэалогія была антырэлігійнай. Сёння д’ябал змяніў тактыку. Ніхто не забараняе верыць і хадзіць у касцёл. Але ў той жа час колькі духоўнай небяспекі і зла нясе секулярызм і маральны рэлятывізм, якія прапагандуюць іншы бездухоўны стыль жыцця і гэтым самым адрываюць ад Бога”, - сказаў арцыбіскуп.
Шкаплер, па яго словах, нагадвае, што мы не пакінуты самі сабе ў такой сітуацыі. Гэта знак таго, што Марыя з намі. Пры гэтым, дадаў ён, трэба памятаць, што шкаплер – гэта не амулет і не дзейнічае аўтаматычна: “Яго набходна насіць у духу веры і даверу да Марыі і праз Яе да Езуса. Гэта азначае, што прыхільнікі шкаплера павінны захоўваць Божы закон і прымаць актыўны ўдзел у жыцці Касцёла”.
Узгадваючы пра 30-годдзе прызначэння ў Беларусі першага пасля ІІ Сусветнай вайны біскупа, іерарх сказаў: “Тры пакаленні Касцёл на Беларусі пераследаваўся. Не было біскупа і семінарыі. Колькасць святароў з кожным годам памяншалася. Кансэкраванае жыццё амаль што не існавала. Шмат касцёлаў і кляштараў было ператворана ў фабрыкі і клубы або разбурана. Аднак апека Божай Маці была з намі”.
І, працягваў ён, цуд стаўся. 25 ліпеня 1989 г. у касцёле ў Гудагаі было абвешчана аб прызначэнні першага біскупа. “Святой памяці кс. прэлат Міхал Арановіч выйшаў да алтара і ўрачыста сказаў: “Annuntio vobis gaudium magnum! Habemus episcopum!” – “Абвяшчаю вам вялікую радасць! Маем біскупа!” - і назваў маё імя”, - распавёў пра гэта Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
“Слова “Гудагай” мае літоўскае паходжанне. “Гудас” азначае “беларус”. А “гай” – гэта малады лес. Так Божы Провід учыніў, што у гэтым маладым беларускім лесе распачаўся працэс адраджэння Касцёла на Беларусі. Як вядома, адной з асаблівасцяў лесу з’яўляецца ачышчэнне паветра і падпітка яго кіслародам. Сёння пасля 30 гадоў мы бачым ужо не малады, а сталы лес беларускага Касцёла, які сваім служэннем ачышчае духоўнае паветра нашай краіны і насычае яго духоўным кіслародам”, - адзначыў арцыбіскуп.
“Пасля 30 гадоў біскупскага служэння спачатку на Беларусі, потым у Расіі і цяпер ізноў на Радзіме дзякую Богу за адпаведныя ласкі, якія спазнаў за гэты час, і Найсвяцейшай Панне Марыі за Яе асаблівую апеку і абарону, - дадаў іерарх. - Марыя, сёння, калі наша грамадства перажывае шмат цяжкасцяў, асабліва маральнага характару, будзь і далей мне дапамогай, каб мог годна выконваць ускладзеныя Божым Провідам на мяне абавязкі, кіраваць мясцовым Касцёлам і весці людзей шляхам збаўлення”.
У гудагайскіх урачыстасцях традыцыйна ўдзельнічалі прадстаўнікі раённай і мясцовай уладаў. Намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла ў сваёй прамове адзначыў паспяховае супрацоўніцтва дзяржавы і Касцёла на раённым узроўні і падкрэсліў супольнае з Касцёлам імкненне да будавання міру ў грамадстве.
На заканчэнне кусташ санктуарыя a. Казімір Мараўскi OCD падзякаваў усім за ўдзел, супольную малітву і заахвоціў пілігрымаў заўсёды памятаць, што ў Гудагаі іх чакае Найсвяцейшая Маці, якая праз шкаплер вядзе іх да Бога.
Хоць час ад часу на сёлетніх урачыстасцях ішоў дождж, гэта не перашкодзіла супольнай малітве, а на тварах прысутных, незалежна ад узросту, была маладая радасць.
Таксама на працягу ўрачыстасцяў можна было даведацца, што такое кармэліцкі шкаплер, і прыняць яго. Як заўсёды, застаецца смутак, што такое прыгожае святкаванне падышло да канца.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: с. Магдаліна Кулай CSCII