12 ліпеня ў санктуарыі у Тракелях пад дэвізам “Марыя, атулі нашыя сем’і” пачаліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў.
Як і кожны год, невялікая вёска каля Ліды напоўнілася шматлікімі пілігрымамі рознага ўзросту, з гарадоў і вёсак, з нашай краіны і з замежжа. Усе прыбылі да цудатворнага абраза Марыі з Езусам на руках і св. каралевіча Казіміра, які кленчыць побач.
У гэтым годзе адзначаецца 25-годдзе абвяшчэння парафіяльнай святыні ў Тракелях Дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, 10-годдзе каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Тракельскай і 210-годдзе пабудовы мясцовага касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі.
Шмат вернікаў прыбыло ў пешых пілігрымках. Ужо некалькі гадоў самай шматлікай пешай пілігрымкай, якая прыходзіць у гэты дзень да Каралевы, з’яўляецца група з Іўеўскага дэканату. Прыйшлі пешшу таксама вернікі з Гродна і Ваўкавыска, пераадолеўшы пяць дзён шляху. Чатыры дні крочылі пілігрымы з Ашмян, тры дні – з Навагрудка.
Таксама шмат людзей прыйшло ў пешых пілігрымках з Ліды, якая знаходзіцца на адлегласці 15 км, і з Воранава.
Усе яны прыбылі, каб у гэтым годзе, калі Каталіцкі Касцёл у нашай краіне скіроўвае свой позірк на сям’ю, падзякаваць Богу праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі за сваю сям’ю, у якой чалавек прыходзіць у свет і сталее, выхоўвае свае рысы характару і вучыцца жыццю.
Таксама яны прыбылі прасіць, каб Найсвяцейшая Маці аберагала сучасныя сем’і ад пагрозаў, якія нясе сучасны свет; каб атачыць малітвай усе разбітыя сужэнствы і тыя, якія змагаюцца з многімі праблемамі.
Пілігрымаў радасна вітаў кусташ санктуарыя кс. Юрый Бяганскі. Ад імя Касцёла ён дзякаваў за іх сведчанне веры, так патрэбнае сучаснай моладзі, якая вельмі ўспрымальная да ўсялякіх навінак гэтага свету; за прывязанасць да Бога і Касцёла, патрэбных нашым гарадам і вёскам.
Ксёндз Бяганскі заахвоціў пакінуць ля цудатворнага абраза свае напісаныя на картках інтэнцыі. “Мы будзем маліцца аб гэтых вашых справах увесь год”, – дадаў кусташ.
Вялікая чарга выстраілася ў гэты дзень да святыні, каб аддаць паклон Марыі. Сэрцы пілігрымаў напоўнены ўдзячнасцю, але разам з тым і просьбамі. Марыя ведае патрэбы кожнага. Дастаткова веры, каб кожны атрымаў жаданую ласку.
Няхай гэты час сустрэчы з Маці, які пілігрымы праводзяць у Тракелях, будзе для кожнага благаслаўленнем!
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская