Распачаць 7-ы дзень пілігрымы мелі радасць св. Імшой у новапабудаванай капліцы ў Любані. Ва ўспамін св. апостала Тамаша кс. Андрэй Лішко звярнуў увагу на тое, што няверны Тамаш быў верным, бо хацеў вопытным шляхам пазнаць Хрыста.
Пасля сняданка ў мясцовай школе пілігрымка вырушыла ў кірунку Касцяневічаў. Па дарозе яе спаткаў і дождж, і сонца. Але стомленасці амаль не адчувалася: да Будслава засталося ўсяго 40 км!
"Дзень міласэрнасці" - менавіта такую назву меў сёмы дзень, асаблівы час для споведзі. А. Яўген Эйсмант SAC яшчэ раз нагадаў умовы добрай споведзі і прыпомніў усім:
"Бог не мае межаў, але дзеля нас Ён прымае постаць хлеба. Кожную Святую Эўхарыстыю Ён памірае для нас. Ён любіў чалавека да апошняй хвіліны свайго жыцця. Пакуль самі не навучымся прабачаць, мы не зразумеем Яго прабачэння".
Скончыўся дзень смачным пловам ад пілігрымковага кіроўцы фуры і тортам ад мам. Пасля вячэры ўсе сабраліся на адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой разважалі аб міласэрнасці Хрыста. Пасля малітвы моладзь з парафіі Ліда-Фара прадставіла сцэнку, сэнсам якой было тое, што Езус здымае з нас маскі і дапамагае распачаць новае жыццё.
У цішыні пілігрымы размясціліся на ноч у касцёле і паснулі салодкім сном.
Яна Чайко
Фота: Марыя Чарняк