Skip to main content

Дзённік удзельніка V пілігрымкі Ліда - Будслаў: 30 чэрвеня

lida bd4 2Чацвёрты дзень не стаў выключэннем з іншых і традыцыйна распачаўся святой Імшой. Падчас яе кс. Ян Раманоўскі пажадаў усім, каб гэтае паломніцтва прыгадала нам у чарговы раз, што ісці за Езусам – значыць учыніць Яго цэнтрам і фундаментам усяго свайго жыцця.

Фішкай дня былі «пілігрымковыя гульні». На кожным прывале можна было ўзяць бадмінтон, мяч і рызіначку, але гарачыня і вялікая адлегласць адбіралі ў пілігрымаў усё сілы.

Падчас канферэнцыі кс. Яўген Эйсмант SAC разважаў пра тое, што грахом мы аддаляемся ад Бога. Святая Камунія, трапляючы ў страўнік, пераварваецца і разам з крывёю трапляе ў кожную клетку нашага цела. І тады мы становімся богападобнымі. А калі чалавек не прымае святую Камунію, то Бог не можа пазнаць яго. Другой думкай, якая прымусіла ўсіх задумацца, стала тое, што нельга адказваць на правакацыйныя пытанні ў сваёй галаве: такім чынам мы пачынаем дыялог з д'яблам.

Даючы спевам сведчанне сваёй веры, прайшоўшы праз Валожын, шматлікія вёскі і дайшоўшы да Кібуцей, пілігрымы пакінулі за плячыма ўжо першыя 100 км.

Да нас пастаянна далучаюцца новыя пілігрымы з розных куткоў Беларусі, а мы чакаем заўсёды і ўсіх!

Яна Чайко

Фота: Рэната Міскаузая