Skip to main content

Cям’я была галоўнай тэмай “канікул з Богам” у Росі

kanikuly ros 47У парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) адбыліся “канікулы з Богам” для наймалодшых парафіян. Яны былі прысвечаны тэме “Сям’я – скарб у тваіх руках”.

Падчас сустрэч з дзецьмі арганізатары летняга адпачынку стараліся нагадаць ім, што ўсе людзі маюць патрэбу ў любові, разуменні, павазе. Падкрэслівалася, што кожны чалавек сумуе па родных і блізкіх людзях, якія жадаюць ім дабра і прабачаюць усе крыўды, падтрымліваюць і дапамагаюць у цяжкую хвіліну. Дзяцей заахвочвалі быць такімі для іншых.

Таксама падчас канікул дзеці сустрэліся з Маленькім Прынцам. Ён прыляцеў з іншай планеты, таму многага не ведаў. Але яму было цікава пазнаёміцца бліжэй з тым, як уладкавана жыццё ў нашым свеце.

Дзецям трэба было патлумачыць Маленькаму Прынцу, што такое сям’я і навошта яна патрэбна, што ляжыць у аснове сямейных адносін. Канікулы дапамаглі дзецям зірнуць на сям’ю як на скарб, укладзены ў іх рукі, у рукі бацькоў, братоў і сясцёр, сяброў і знаёмых – у рукі кожнага чалавека.

kanikuly ros 45

Ад нас залежыць, як мы выкарыстаем гэты дар, што з ім зробім. Галоўнай мэтай было дапамагчы дзецям і падлеткам адкрыць для сябе, да чаго кліча іх Пан, і запрасіць да малітвы, каб яны адказалі ў будучыні на Божы заклік – ствараць шчаслівыя сям’і.

Вырастаюць наступныя пакаленні, змяняюцца часы, а сям’я заўсёды, як скарб, ляжыць у нашых руках.

 

Жанна Вераціла