Дзень першы.
Распачаўшы дзень св. Імшой у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара), 5-ая пешая пілігрымка Ліда – Будслаў вырушыла ў дарогу.
74 пілігрыма, атрымаўшы благаслаўленне на шлях ад пробашча парафіі св. Юзафа Рамесніка і благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка (Ліда-Паўднёвы) кс. Віталія Сідоркі, пакрочылі ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.
Падчас канферэнцыі а. Яўген Эйсмант звярнуў увагу на сутнасць Божага слова: “Божае слова заўсёды рэчаіснае, кожны з нас з’яўляецца Словам, якое Бог прамовіў. Бог, ствараючы нас, не памыліўся”.
На абед да пілігрымаў завітаў пробашч будслаўскай парафіі кс. Дзмітрый Дубовік, які павітаў усіх на пілігрымковай дарозе і пажадаў плённага шляху да Маці Божай.
Скончыўся дзень малітвай у парафіі св. Казіміра ў Ліпнішках, дзе пілігрымы маюць начлег. За плячыма 27 кіламетраў, трохі дажджу і шмат сонейка.
Яна Чайко