Skip to main content

Заснаванне нястомнай Навэнны да Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Вялікай Бераставіцы

У палове месяца мая, асабліва прысвечанага Марыі, у парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы адбылася гістарычная падзея. 18 мая 2011 г. урачыста была заснавана нястомная Навэнна да Маці Божай Нястомнай Дапамогі. У гэты дзень быў пасвечаны абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі, які застанецца ў святыні, і прайшла першая Навэнна. Гэтую ўрачыстасць папярэдзілі тры дні разважанняў над роляй Марыі ў справе Збавення. Парафіяне мелі магчымасць навучыцца разумець тое, што перадае абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якая, як часта паўтараў айцец-рэкалекцыяніст, заўсёды з’яўляецца Місіянеркай. Айцец Яўген, рэдэмптарыст, растлумачыў значэнне колераў і ўсіх сімвалаў абраза. З яго вуснаў гэта гучала тым больш змястоўна, таму што ён сам піша іконы і з’яўляецца вялікім распаўсюджвальнікам культа Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі звязаны з Ордэнам Найсвяцейшага Адкупіцеля, вядомым як Рэдэмптарыстаў. У 1865 г. папа Піус IX даверыў цудоўны абраз рэдэмптарыстам, гаворачы: “Зрабіце так, каб аб гэтым абразе даведаліся ва ўсім свеце і каб яго палюбілі”. Дзякуючы сваёй руплівай дзейнасці манахі паспяхова выканалі гэтую місію. Абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі з’яўляецца найбольш распаўсюджаным у свеце Марыйным абразом. Цудоўны абраз быў змешчаны ў касцёле рэдэмптарыстаў св. Альфонса ў Рыме (непадалёку базылікі Санта Марыя Маджорэ). 23 чэрвеня 1867 г. адбылася ўрачыстая каранацыя абраза, а ў 1876 г. на 27 чэрвеня было ўстаноўлена свята Блаславёнай Панны Марыі Нястомнай Дапамогі .

У Вялікай Бераставіцы, дзе таксама працуюць рэдэмптарысты, вернікі прынялі абраз вельмі сардэчна. У кожную сераду парафіяне будуць збірацца на нястомнай Навэнне, пісаць просьбы і падзякі і аддавацца пад апеку Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Рэдэмптарысты з Вялікай Бераставіцы