24 чэрвеня ў Воўпе (Мастоўскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар галоўнага апекуна мясцовай парафіі св. Яна Хрысціцеля.
На свяце сабралося шмат парафіян і гасцей. Распачалася ўрачыстасць адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой вернікі дзякавалі Богу за ўсе ласкі, якія атрымалі ад Яго. Таксама гэта быў час, каб прадставіць Пану ўсе свае патрэбы сэрца.
Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх падкрэсліў, што парафія ў Воўпе мае вялікага апекуна, які лічыцца найбольшым з прарокаў – ён удзяліў хрост Езусу Хрысту і ўказаў Яго як Збаўцу свету, чыё прыйсце было прадказана.
Звяртаючыся да прысутных з гаміліяй, кс. Андрэй Лішко, прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, падкрэсліў, што св. Ян Хрысціцель дае адпаведны прыклад сучаснаму чалавеку.
Святар адзначыў тры вельмі важныя рысы Яна Хрысціцеля – веру, праўду, вернасць. Ён дадаў, што гэты святы заўсёды быў напоўнены верай, якая дапамагала яму пераносіць усе цяжкасці. Стоячы на баку праўды і баронячы яе, ён неаднаразова падвяргаўся пераследу, але зносіў гэта, гледзячы на Хрыста Пана. Да канца сваіх зямных дзён ён застаўся верны пакліканню, спаўняючы задачу, якая яму была даручана.
На заканчэнне літургіі пробашч парафіі кс. канонік Віктар Мыслюк падзякаваў усім за дар супольнай малітвы і ўдзел у адпустовай урачыстасці.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Юрый Чупрэта