24 чэрвеня ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах (Ашмянскі дэканат) адбыўся парафіяльны адпуст. На ўрачыстай святой Імшы сабраліся святары, сёстры законныя, вернікі і госці.
Урачыстасць узначаліў кс. Артур Ляшнеўскі, салезіянін, які 8 чэрвеня гэтага года атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.
На пачатку Эўхарыстыі ўсіх прысутных прывітаў пробашч парафіі айцец Багуслаў Вуйтовіч OFMConv. Святар шчыра павіншаваў усіх, хто падчас хросту атрымаў імя Ян або Яніна і адзначае імяніны ў гэты дзень.
У гаміліі дэкан Ашмянскага дэканату ксёндз канонік Ян Пузына нагадаў пра постаць святога Яна Хрысціцеля.
Пасля Імшы вернікі памаліліся перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Затым яны вырушылі ва эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла і кляштара, каб атачыць святыню сваімі малітвамі.
На заканчэнне ўрачыстасці айцец Багуслаў сардэчна падзякаваў святарам і вернікам за супольную малітву. Ксёндз Артур Ляшнеўскі ўдзяліў усім прысутным прыміцыйнае благаслаўленне.
Людміла Пясецкая