Skip to main content

Прымі знак дару Духа Святога

У апошнія тыдні мая ў многіх касцёлах нашай дыяцэзіі Ксёндз Біскуп удзяляе Сакрамэнт Канфірмацыі (бежмавання). Яго сутнасць – у перадачы Духа Святога, узмацненні веры, набыцці здольнасці сведчыць пра яе і абараняць яе. Бежмаванне яшчэ больш цесна едночыць з Езусам, уключае у евангелізацыйную місію Каталіцкага Касцёла.

20 мая ў Шчучыне сакрамэнт бежмавання прыняла 71 асоба, у тым ліку 2 – з парафіі Ішчолна. 21 мая ў гродзенскай парафіі Маці Божай Міласэрнасці на Аўгустоўку гэты сакрамэнт прыняло каля 100 чалавек. У нядзелю 22 мая ў пабернардынскай парафіі сакрамэнт бежмавання прынялі 83 асобы, а ў катэдральнай парафіі - каля 200, у тым ліку з парафіі св. Юзафа.

Падчас урачыстасці ў пабернардынскім касцёле Ксёндз Біскуп заахвоціў вернікаў да супольнай малітвы за ўсіх тых, хто ў гэтыя дні атрымлівае сакрамэнт бежмавання. З гаміліяй да прысутных звярнуўся кс. Раман Катлімоўскі, заклікаючы, каб у нашых дамах, якімі ёсць сэрцы кожнага з нас, заўсёды быў Хрыстус. Казнадзей прыгадаў таксама словы бл. Яна Паўла II: “Не бойцеся адчыніць дзверы Хрысту”. Напрыканцы Эўхарыстыі кс. бп Аляксандр звярнуўся да вернікаў з кароткім пастрыскім словам, у якім сказаў: “Вы выйдзеце з Касцёла як Апосталы з Вячэрніка… Даверцеся Хрысту, які вядзе нас шляхам збаўлення”.

Пасля супольнай малітвы адбыўся канцэрт камернага аркестра філармоніі імя Вітальда Лютаслаўскага з Ломжы, прысвечаны бл. Яну Паўлу II. Гэта быў таксама, як адзначыў сп. Анджэй Хадкевіч, Генеральны Консул РП у Гродне, падарунак нашаму Пастыру з нагоды 20-годдзя прыняцця ім біскупскай сакры. Падчас канцэрта прагучалі вядомыя творы Вівальдзі, Пахэльбеля, Веняўскага і Баха, а закончыла яго супольна спяваная  „Barka”.

Напрыканцы гэтай вельмі прыгожай урачыстасці пробашч пабернардынскай парафіі кс. пралат Антоні Ханько заахвоціў артыстаў надалей распальваць сваім граннем людскія сэрцы дзеля Божай прыгажосці.