22-23 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася агульнанацыянальная братэрская сустрэча членаў Францішканскага ордэна свецкіх. Сустрэча была злучана з рэкалекцыямі.
Мерапрыемства праходзіла пад дэвізам “Маці Божая – наша Заступніца”.
На сустрэчу прыбылi духоўныя сыны і дочкі святога Францішка з розных бакоў Беларусі, большасць з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
У праграме былі канферэнцыі пра Маці Божую Шкаплерную, пра ролю Марыі ў жыцці бл. Ганарата Казьмінскага, а таксама больш блізкае знаёмства са святым бедаком з Асізі, які належыць да вялікіх шанавальнікаў Багародзіцы.
Па традыцыі члены Францішканскага ордэна свецкіх правялі ўсяночную адарацыю перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам у інтэнцыі новых пакліканняў у сваю супольнасць, новых пакліканняў да служэння ў Касцёле і ў інтэнцыі сем’яў нашай краіны.
У межах сустрэчы некаторыя асобы пасля адпаведнай фармацыі склалі на рукі настаяцельніцы Францішканскага ордэна свецкіх у Беларусі сястры Марыі Этоль вечныя i часовыя абяцанні. Таксама былі прыняты ў навіцыят і пастулат новыя члены.
Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў у тракельскім санктуарыі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх падзякаваў членам францішканскай сям’і ў Беларусі за іх штодзённае сведчанне, якое яны даюць праз прастату, малітву і ўбоства.
Біскуп падзякаваў членам гэтай супольнасці таксама за тое, што атачаюць малітвай Касцёл у Беларусі, і заклікаў іх далей трываць у гэтай добрай справе.
Кс. Юрый Марціновіч