Skip to main content

На ўрачыстасць Божага Цела Іўе ўпрыгожылі дыванамі з кветак

bcela iue 41Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста ў Іўі традыцыйна адзначаецца асаблівым чынам. У парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла вернікі раскладваюць дываны з кветак ля чатырох алтароў, перад якімі спыняецца працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Такое ўпрыгожванне адбываецца не першы год і ўжо паспела атрымаць папулярнасць.

Падрыхтоўка гэтых незвычайных дэкарацый вельмі працаёмкая. Яна пачынаецца за некалькі дзён да ўрачыстасці збіраннем кветак з палёў, лугоў і садоў, з якіх вырабляецца такі дыван.

Трэба адзначыць, што ў горадзе чатырох канфесій кветкамі дзяліліся не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых веравызнанняў. Гэта гаворыць аб тым, што працэсія Божага Цела становіцца агульнагарадскім святам і падкрэслівае іўеўскую талерантнасць. Таксама кветкі прывозілі з навакольных вёсак.

Для стварэння гэтай прыгажосці жыхары Іўя збіраліся напярэдадні працэсіі, каб будаваць алтарыкі і збіраць кветкі. Потым каля 5 гадзін раніцы яны пачыналі ўладкоўваць дэкарацыі на цэнтральнай плошчы горада.

bcela iue 40

У гэтым годзе на цэнтральнай плошчы ў Іўі, дзе ўстаноўлены Помнік чатыром канфесіям, вернікі зрабілі вялікі дыван з кветак, які нагадвае, што сёлета Каталіцкі Касцёл у Беларусі перажывае Год сям’і. Таму элементам дэкарацый сталі словы заахвочвання, каб быць сведкамі любові ў сем’ях. На іншых дыванах адлюстравалі эўхарыстычныя матывы.

Стваральнікі гэтых дэкарацый такім чынам выражаюць сваю пашану да Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Гэтае мерапрыемства, напэўна, надоўга застанецца ў памяці жыхароў і гасцей горада.

Парафія ў Іўі шчыра дзякуе райвыканкаму, ДАІ, арганізацыям горада і ўсім людзям за дапамогу ў стварэнні свята.

Kс. Юрый Марціновіч