16 чэрвеня ў парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах адзначылі 25-годдзе святарскага жыцця кс. Казіміра Муравы SDB. Значную частку з гэтых 25 год ксёндз Казімір нёс пастырскую паслугу на Беларусі, зараз ён з’яўляецца пробашчам парафіі ў Жупранах.
Каб раздзяліць гэты прыгожы момант з юбілярам, на свята прыбыло шмат гасцей: святары салезіяне на чале з рэгіянальным настаяцелям салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктарам Гайдукевічам SDB, святары з навакольных парафій і сябры кс. Казіміра, сёстры салезіянкі і сёстры назарэтанкі, а таксама шматлікія вернікі. Св. Імшу спевам упрыгожваў парафіяльны хор фарнага касцёла ў Лідзе, які таксама ў гонар свята даў невялічкі канцэрт пасля завяршэння службы.
Казанне прамовіў кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Разважаючы над таямніцай Тройцы і над Асобай Духа Святога, кс. Віктар адзначыў, што Дух Святы асаблівым чынам прысутнічае ў святых сакрамэнтах, таксама і ў сакрамэнце святарства. “Кожны юбілей у святарскім жыцці – гэта крыніца нашай удзячнасці Богу за атрыманыя ласкі”, - дадаў ён.
“Калі б сам святар зразумеў, кім ён ёсць, то памёр бы ад уражання, бо сам Бог падпарадкоўваецца яму, ён кажа словы асвячэння, і наш Пан спускаецца з нябёс. Шчасце цэлебрацыі св. Імшы будзе зразумела ім толькі на нябёсах”, – гэтыя словы св. Яна Марыя Віянэя кс. Віктар узгадаў, каб падкрэсліць вялікую годнасць святарства.
У той жа самы час святары пастаўлены, каб служыць людзям і рабіць усё дзеля дабра сваёй паствы. Напрыканцы сваіх разважанняў дэлегат заклікаў усіх прысутных маліцца за юбіляра, а таксама за ўсіх святароў, бо малітва ім вельмі неабходная - гэта прыгожая падзяка за іх служэнне.
Напрыканцы св. Імшы адбыўся момант віншавання, шматлікія вернікі, святары і сёстры выказвалі свае словы падзякі і любові кс. Казіміру. Варта адзначыць, што супольнасць парафіянаў, натхнёная словамі кс. Віктара, далучылася да апостальскага руху “Маргарытка” і будзе праз усё жыццё атуляць кс. Казіміра сваёй штодзённай малітвай.
Узяў слова таксама і сам кс. Казімір. Святар падзякаваў усім за прыгожыя словы і адзначыў, што ў першую чаргу трэба дзякаваць Пану Богу, бо без Яго ён нічога бы не здолеў зрабіць. Юбіляр дадаў, што толькі падпарадкаваўшыся волі Бога, ён можа сёння перажываць прыгожы юбілей дваццаціпяцігоддзя святарскага жыцця.
Паводле sdb.by