16 чэрвеня ў Гервятах (Астравецкі дэканат) адзначалася ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Велічная святыня, якую назваюць “беларускім Нотр-Дамам”, сабрала сотні вернікаў з розных куткоў Астравеччыны, Беларусі, Літвы.
Як паведамляe “Астравецкая праўда”, на ўрачыстую Імшу прыбылі шматлікія госці, у тым ліку старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін і яго намеснік Віктар Свіла, пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Андрус Пулокас, святары Астравеччыны і многія іншыя.
Адпустовую Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Віленскай архідыяцэзіі (Літва) Арунас Панішкайціс.
Сабраных прывітаў пробашч парафіі ксёндз Эліяс Анатоліюс Маркаўскас, які выказаў удзячнасць усім, хто прыехаў на свята ў Гервяты з чыстым сэрцам.
У сваім выступленні старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін падкрэсліў, што Троіцкі фэст – яскравае пацвярджэнне плёну супрацоўніцтва свецкіх і духоўных улад на карысць людзей.
У гаміліі біскуп Арунас Панішкайціс прызнаўся, што па дарозе ў Гервяты яго найбольш здзівілі ўстаноўленыя на скрыжаваннях дарог крыжы. Па словах біскупа, гэта яскравае сведчанне таго, што на Беларусі і на Астравеччыне жыве Бог.
Святочная Імша завяршылася працэсіяй вакол касцёла. Узносіць да Бога малітвы гервятцаў і гасцей парафіі дапамагалі моцныя галасы ўдзельнікаў літоўскіх хораў “Варпас” і “Варпіле”.
Выступленне лепшых калектываў і артыстаў Беларусі, Літвы і Астравеччыны сабрала гледачоў на імправізаванай пляцоўцы. А горад майстроў, які раскінуўся ля прыкасцёльнай плошчы, вабіў салодкімі пеўнікамі і пернікамі, вырабамі з гліны, лазы і саломкі.