8 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася фармацыйная сустрэча членаў супольнасці “Легіён Марыі”.
На сустрэчу прыбылі члены гэтай супольнасці з Ліды і Іўя. Праводзіў яе кусташ санктуарыя кс. Юрый Бяганскі.
Сустрэча прайшла ў вігілію ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, які з’яўляецца асаблівым Правадыром гэтай групы вернікаў. Пра гэта сведчыць, у прыватнасці, штандар “Легіёна” з эмблемай голуба – сімвала сыходжання Святога Духа на Беззаганную Панну, прадстаўленую на штандары і на медаліку, які легіянеры Марыі раздаюць з мэтаю здабывання душ для Хрыста.
“Легіён Марыі” – самая вялікая апостальская арганізацыя свецкіх католікаў, якая дзейнічае практычна ў кожнай краіне свету i мае на мэце абвяшчэнне Божай хвалы і імкненне да асабістай святасці праз малітву і апостальскую працу.
Арганiзацыя заснавана Фрэнкам Дафам у Дубліне 7 верасня 1921 г. напярэдадні свята Нараджэння Багародзіцы. “Легіён Марыі” быў усхвалены сямю апошнімі Папамі і падтрыманы Другім Ватыканскім Саборам.
Легіянер Марыі штодзённа чытае абавязковую малітву. У яго духоўным жыцці важную ролю адыгрывае ружанцовая малітва. Палаючы апостальскім духам здабывання душ для Хрыста, ён імкнецца скарыстаць з удзелу ў святой Імшы і ў буднія дні, з Літургіі гадзінаў, з чытання Святога Пісання, з духоўных чытанняў. На працягу года ён прымае ўдзел у закрытых рэкалекцыях, пілігрымках, злётах, днях духоўных сустрэч або іншых супольных набажэнствах.
У Беларусі гэты рух пачаў дзейнічаць з 1994 г. і зараз існуе ва ўсіх дыяцэзіях Касцёла ў нашай краіне.
Kс. Юрый Марціновіч