У вігілію нядзелі Спаслання Духа Святога, 8 чэрвеня, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў парафіяльную супольнасць Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара).
Падчас святой Імшы іерарх удзяліў моладзі і дарослым сакрамэнт канфірмацыі. Дарамі Духа Святога былі ўзбагачаны больш за 70 чалавек.
Звяртаючыся да кандыдатаў да канфірмацыі, біскуп падкрэсліў, што трэба адкрыцца на дзеянне Духа Святога, які напаўняе сэрца чалавека любоўю і сваімі сямю дарамі. Ён дадаў, што Дух Святы робіць чалавека здольным мужна вызнаваць сваю веру і жыць паводле яе прынцыпаў.
Іерарх пажадаў, каб кожны члаавек у моцы Духа станавіўся адважным вестуном Езусавага Евангелля і быў заўсёды гатовы стаяць на абароне веры, якую вызнае.
На заканчэнне ўрачыстасці моладзь падзякавала ўсім, хто рыхтаваў яе да гэтай важнай падзеі.
Kс. Юрый Марціновіч