8 чэрвеня ў Марыяцкай базыліцы ў Кракаве (Польшча) адбылася ўрачыстасць падзякі за дар беатыфікацыі Міхала Гедройца, які звязаны таксама з Гродзенскай дыяцэзіяй.
У 1460 годзе Міхал Гедройц, будучы ўжо ў сталым узросце, уступіў у Ордэн Канонікаў Рэгулярных ад Пакуты ў Быстрыцы (сёння тэрыторыя Астравецкага раёна). У 2017 годзе рэліквіі благаслаўлёнага былі ўнесены ў касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Быстрыцы. Дзякуючы з’яўленню яго рэліквій у святыні вернікі атрымалі новага заступніка.
На ўрачыстасці падзякі, якую ўзначаліў прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі кардынал Анджэло Бэччу, сабраліся біскупы з Польшчы і Літвы. Беларусь прадставіў на ёй біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Благаслаўлёны Міхал Гедройц нарадзіўся каля 1425 года ў мястэчку Гедрайчай недалёка ад Вільнюса (Літва). Паходзіў з сям’і літоўскіх князёў. Быў невысокі, хваравіты, хадзіў на мыліцах. На падставе пазнейшага даследавання рэліквій было ўстаноўлена, што адна яго нага была карацейшай за другую. З-за гэтага хлопца называлі “кульгавым”, таму ён цярпеў з самага дзяцінства – не толькі фізічна, але і псіхалагічна.
Дзякуючы досведу свайго калецтва ён даспяваў да глыбокага разумення Мукі Хрыста і спачування пакутуючым людзям. У маладосці вырабляў посуд, у якім прыносілі хворым Найсвяцейшы Сакрамэнт. Пазбягаючы людзей, шмат часу прысвячаў малітве.
У сувязі са сваім княжацкім паходжаннем, нягледзячы на калецтва, Міхал Гедройц мог атрымаць прэзбітэрскае пасвячэнне, аднак захацеў застацца “малым”, таму стаў законным братам. У 1461 годзе распачаў вучобу на факультэце гуманітарных навук Кракаўскай акадэміі, якую скончыў са ступенню бакалаўра тэалогіі.
Будучы сакрыстыянінам у касцёле св. Марка ў Кракаве, шмат часу прысвячаў сузіранню Мукі Хрыста. Маліўся галоўным чынам перад вялікім укрыжаваннем і перад абразом Найсвяцейшай Панны Марыі, які пазней назвалі абразом Маці Божай Гедройцавай.
Пан Бог адарыў Міхала Гедройца прароцкім духам і ласкай здзяйсняць цуды. Хворыя натоўпамі ішлі да яго. Лічачы манаха “сябрам Бога”, людзі прасілі яго аб заступніцкай малітве, а той выпрошваў для іх цудоўныя ласкі ў хвіліны цяжкасцяў і клопатаў. Цікаўныя таксама прыбывалі да манаха і пыталіся аб будучыні. Ён альбо дакараў іх, або пакорна казаў: “Гэта вядома толькі Богу. Ласку прарочання Ён часам удзяляе толькі вялікім сваім умілаваным, я ж вялікі грэшнік”.
Бл. Міхал меў шчодрае і пакорлівае сэрца. Калі атрымліваў міласціну, перадаваў яе ўбогім ці на патрэбы кляштара і касцёла, нічога не пакідаючы сабе. Жыў у глыбокай аскезе: часта еў толькі хлеб з соллю, быў вегетарыянцам. Практыкаваў бічаванне цела – часта яго знаходзілі пабітым, што прыпісвалі ўздзеянню злога духа. Строгі лад жыцця з часам прывёў да знясілення ягонага арганізму і праблем са здароўем.
Памёр 4 мая 1485 года ў арэоле святасці. Пахаваны ў касцёле св. Марка, дзе на працягу многіх гадоў жыў і працаваў, у прэзбітэрыі каля ўваходу ў сакрыстыю. На адной з фігурак, захаваных у гэтай святыні, благаслаўлёны мае непрапарцыянальна доўгія далоні. Такім сімвалічным чынам майстар хацеў паказаць, што рукі бл. Міхала Гедройца былі поўныя дабрыні і міласэрнасці, якімі ён пры жыцці шчодра дзяліўся.
Адразу ж пасля смерці бр. Міхала праз яго заступніцтва пачалі адбывацца шматлікія цуды. Іх была такая вялікая колькасць, што пачалі складваць спіс. Аднак распачатыя намаганні аб узнясенні манаха да хвалы алтара не скончыліся поспехам, таму што Святая Канцылярыя з дазволу папы Урбана VIII выдала пастанову, якая абавязвала адмову яго публічнага культу. Гэтаму паспрыяў таксама роспуск ордэна, да якога належаў манах.
Нягледзячы на тое, культ бл. Міхала Гедройца не знік.
Яго аднаўленню садзейнічаў шматгадовы рэктар кракаўскага касцёла св. Марка кс. праф. Вацлаў Свежаўскі, пазнейшы біскуп Сандомірскі. У 1985 годзе намаганнямі святара была падрыхтавана 10-гадовая навэнна да Міхала Гедройца. 11 мая таго ж года адбылася ўрачыстая св. Імша ў інтэнцыі хуткай беатыфікацыі манаха. У 1998 годзе адбылося ўрачыстае закрыццё інфармацыйнага працэсу на дыяцэзіяльным узроўні ў справе зацвярджэння культу бр. Міхала, а ў 2001 годзе Апостальская Сталіца выдала дэкрэт “Nihilobstat”, які выражаў згоду на паўторнае распачацце яго беатыфікацыйнага працэсу.
У 2017 годзе галоўны пастулатар падаў “positio”, неабходнае для далейшай беатыфікацыйнай працэдуры. Пасля знаёмства з гэтым дакументам Кангрэгацыя па справах кананізацыі перадала прапанову пацвярджэння культу для заключэння Святому Айцу. 7 лістапада 2018 года папа Францішак пацвердзіў спрадвечны культ, здзяйсняючы т. зв. раўназначную беатыфікацыю. Яна прымяняецца ў сітуацыях, калі існуе доўгачасовы, спантанны культ дадзенай асобы, але правядзенне кананічнага працэсу немагчымае з-за недахопу дастатковых гістарычных крыніц. Гэта азначае ўключэнне ў літургічны каляндар і дае дазвол на ўшанаванне новага благаслаўлёнага ў месцах, звязаных з яго жыццём і дзейнасцю.
Бл. Міхал Гедройц, які пакорна служыў таямніцы Эўхарыстыі, з’яўляецца заступнікам сясцёр ядвіжанак вавэльскіх (Кангрэгацыя сясцёр св. каралевы Ядвігі Служак Хрыста Прысутнага). Манахіні, якія маюць пры касцёле св. Марка ў Кракаве свой дом, прынялі ад Ордэна Канонікаў Рэгулярных, да якога належаў благаслаўлёны, характэрны белы хабіт са знакам чырвонага сэрца з крыжом.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Іаана Адамік