2 чэрвеня ў парафію Cв. Яна Паўла ІІ у Смаргоні былі ўнесены рэліквіі гэтага святога Папы. Рэліквіі ўнёс біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Падчас урачыстай святой Імшы, якая цэлебравалася звонку касцёла, іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 180 вернікам.
На ўрачыстасці сабраліся шматлікія духоўныя асобы, вернікі Смаргоні і госці. Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. Яўген Учкуроніс, якому ў гэты дзень парафіяне выказалі віншаванні з нагоды 15-й гадавіны прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння.
Біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што прысутнасць рэліквій св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні будзе яшчэ большым увасабленнем Святога Айца сярод вернікаў, якія горача моляцца праз яго заступніцтва, каб дапамагаў ім у будаўніцтве парафіяльнай святыні і духоўнага, жывога Касцёла, які ўтвараюць яны самі.
Пасля Імшы на прыкасцёльнай тэрыторыі адбыўся святочны канцэрт, удзел у якім прынялі парафіяне, вакальны гурт “Крынічанька”, народны сямейны ансамбль “Жыхаў” і гурт Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне “Ave”.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Сяргей Юрэвіч