31 мая, у адпустовую ўрачыстасць Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную святыню ў Тракелях (Радунскі дэканат).
У касцёле іерарх узначаліў урачыстую Імшу ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, якая перажывае чарговы адпуст. Асаблівай малітвай ён атачыў моладзь і дарослых, якія ў гэты дзень былі ўмацаваны сямю дарамі Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі.
Урачыстасць пачалася з асвячэння новага алтара, які быў усталяваны днём раней і на якім будзе з гэтага часу здзяйсняцца Эўхарыстыя.
Іерарх падзякаваў пробашчу парафіі і кусташу дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем’яў кс. Юрыю Бяганскаму, стараннямі якога святыня і прыкасцёльная тэрыторыя становяцца ў апошні час усё прыгажэйшымі.
Kс. Юрый Марціновіч