25 мая дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станешскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Былі ўзбагачаны дарам Духа Святога больш за 60 чалавек.
Святую Імшу іерарх цэлебраваў у інтэнцыі тых, хто прымаў гэты сакрамэнт, каб яны заўсёды адважна вызнавалі сваю веру і паступалі паводле яе прынцыпаў.
Звяртаючыся ў гаміліі да кандыдатаў да сакрамэнту хрысціянскай сталасці, біскуп указаў на важнасць веры ў жыцці хрысціяніна, падкрэсліўшы, што яна з’яўляецца найвялікшым дарам для чалавека. Ён заахвоціў асабліва маладых людзей быць праўдзівымі сведкамі Уваскрослага Пана ў сваім асяроддзі працы ці вучобы.
На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі падзякаваў іерарху за ўдзяленне сакрамэнту і за дар супольнай малітвы.
Kс. Юрый Марціновіч