З 19 па 26 мая ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях (Радунскі дэканат) адбыліся святыя місіі. Духоўныя практыкаванні для вернікаў правялі айцы рэдэмптарысты Андрэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк.
На працягу ўсяго тыдня на супольнай малітве збіраліся шматлікія парафіяне, праходзілі спецыяльныя набажэнствы, святыя Імшы, катэхезы. Некаторыя з іх былі адрасаваны ўсёй парафіі, некаторыя – асобным групам: моладзі або дзецям.
У межах місій, якія павінны стаць благаслаўлёным часам ласкі для кожнага парафіяніна, вернікі выйшлі і за касцёльныя сцены: здзейснілі Крыжовы шлях па вуліцах Тракеляў.
Сужэнцы мелі магчымасць аднавіць свае абяцанні, складзеныя ў дзень шлюбу, каб з адноўленай любоўю супольна крочыць праз жыццё.
На заканчэнне тыдня, які быў напоўнены глыбокай малітвай і атмасферай еднасці і супакою, быў усталяваны місійны крыж. Гэты знак будзе нагадваць, што ў 2019 годзе, калі прыпала 25-я гадавіна ўстанаўлення касцёла ў Тракелях дыяцэзіяльным санктуарыем і 10-я гадавіна каранацыі цудадзейнага абраза, парафіяне аднавілі сваё жыццё веры, каб з Богам і Марыяй далей здзяйсняць жыццёвы шлях.
На заканчэнне духоўных практыкаванняў пробашч парафіі кс. Юрый Бяганскі падзякаваў сваім парафіянам і гасцям за ўдзел у шматлікай колькасці ў святых місіях, за вялікае жаданне быць блізка да Бога, а таксама падзякаваў айцам місіянерам за сеянне Божага слова ў сэрцах вернікаў.
Kс. Юрый Марціновіч