11 мая “Велікапосным дарам” і велікодным канцэртам парадавалі дзеці і моладзь гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканская) пацыентаў хоспіса пры 2-й гарадской бальніцы горада Гродна.
Сустрэча была незвычайна цёплай і прыемнай.
“Велікапосны дар” – гэта разнастайныя слодычы, што на працягу месяца прыносілі дзеці, якія наведвалі заняткі катэхезы, з думкамі і малітвамі аб цяжка хворых. Слодычы былі перададзены дырэктару Алегу Гарбачову і валанцёрам Гродзенскай сацыяльна-дабрачыннай установы “Цэнтр дапамогі жыццю”. Затым у імправізаванай зале загучалі велікодныя песні.
Святочныя канцэрты для пацыентаў хоспіса – ужо добрая і даўняя традыцыя. Дзеці і моладзь парафіі Маці Божай Анёльскай выступаюць там з асаблівай любоўю і жаданнем. Тут цёпла і ўтульна, як дома. Хоспіс знаходзіцца ў гістарычным будынку, дзе калісьці быў францішканскі кляштар. Гэта месца асаблівай сілы і супакою.
JM